Яго абвінавацілі паводле двух артыкулах КаАП:
- 19.11 (распаўсюджваньне інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць)
- 19.12 (незаконны выраб і/або распаўсюджваньне мэтодык або іншых матэрыялаў аб спосабах вырабу выбуховых прыладаў і выбуховых рэчываў).
Справу Паўла накіравалі ў РУУС на дапрацоўку, паведаміў Symbal.by.
Калі пройдзе наступны суд і ці выпусьцілі Паўла, не паведамляецца.
Паводле папярэдняй інфармацыі, яго затрымалі за тое, што ён перасылаў на Белпошце кнігу рэдактара «Эўрарадыё» Зьмітра Лукашука і філёзафа Максіма Гарунова «Беларуская нацыянальная ідэя», якую 31 сакавіка 2021 году ўлады прызналі экстрэмісцкай. Кніга «Беларуская нацыянальная ідэя» — гэта збор гутарак зь вядомымі людзьмі, якіх запрашалі ў эфір падзяліцца думкамі пра каштоўнасьці беларускага этнасу. Гутаркі вяліся на «Эўрарадыё» ў праграме «Ідэя Х», якую вядуць Зьміцер Лукашук і Максім Гаруноў. Кніга выйшла з друку ў кастрычніку 2020 году і мае 600 старонак.
Яшчэ адна кніга, у якой экспэрты нядаўна знайшлі прыкметы праявы экстрэмізму, — «Беларускі Данбас» журналістаў Ігара Ільяша і Кацярыны Андрэевай. Камісіі зьбіраліся ў розным складзе, але высновы, да якіх яны прыйшлі, паўтараюцца слова ў слова.