Сьцісла:
- Абсалютызацыя гвалту, культ сілы, дэманстрацыя непахіснасьці — Лукашэнка робіць стаўку на гэта цягам усяго жыцьця ў палітыцы.
- Ініцыятыву аб Венскай канфэрэнцыі ў Менску прачыталі так, што ЭЗ ня вытрымаў шматмесячнай атакі мігрантамі і гатовы да саступак.
- Афіцыйны Менск прыйшоў да высновы, што варта ўзмацніць ціск і прымусіць ЭЗ да перамір’я.
- Лукашэнка хацеў бы прапанаваць Захаду разьмен, таму і пайшоў на эскаляцыю.
Для палітычнага мысьленьня Аляксандра Лукашэнкі кампраміс — гэта паказьнік слабасьці. Абсалютызацыя гвалту, культ сілы, дэманстрацыя непахіснасьці — гэта тое, на што ён робіць стаўку цягам усяго свайго жыцьця ў палітыцы. У большасьці выпадкаў гэта давала патрэбны яму вынік. З дапамогай жорсткага гвалту ён узяў сытуацыю пад кантроль унутры Беларусі пасьля выбуху мінулагодніх пратэстаў. Цяпер тое самае ён спрабуе зрабіць у адносінах з Захадам, найперш з Эўразьвязам.
Канцлер Аўстрыі Аляксандар Шаленбэрг, аб’явіўшы аб правядзеньні ў Вене міжнароднай канфэрэнцыі па Беларусі 22 лістапада, патлумачыў яе сэнс тым, што, маўляў, нельга размаўляць зь Менскам толькі мовай санкцый.
У Менску гэтую рэпліку прачыталі так: Эўропа ня вытрымала шматмесячнай атакі мігрантамі і гатовая да саступак. І якую выснову зрабілі? Правільна, варта ўзмацніць ціск, і ЭЗ вымушаны будзе пайсьці на перамір’е, перамовы, якія Менск будзе весьці з пазыцыі сілы, на сваіх умовах.
Кіраўніцтва Беларусі хацела б прапанаваць разьмен: беларускі бок спыняе шантаж мігрантамі ў абмен на скасаваньне эканамічных санкцый. Таму пайшоў на эскаляцыю канфлікту і падвышэньне ставак.
Лукашэнка разглядае эўрапейскіх палітыкаў як слабакоў, ня здольных зь ім дужацца. Бо які быў адказ ЭЗ на шантаж мігрантамі? Ужо некалькі месяцаў цягнецца крызіс на мяжы, а Эўразьвяз ня можа ніяк прыняць новы, пяты пакет санкцый. І сёньня бачна, што эўрапейскія палітыкі ў разгубленасьці. Яны ў асноўным заклікаюць Менск да разважлівасьці, павагі да міжнародных правілаў, патрабуюць не выкарыстоўваць мігрантаў у якасьці інструмэнта дасягненьня палітычных мэтаў, нават пагражаюць. Што пацьвярджае высновы кіраўніцтва Беларусі пра заходніх палітыкаў.
Новая тактыка — канцэнтрацыя вялікай колькасьці мігрантаў у адным месцы на мяжы — павінна зрабіць сытуацыю на памежжы заўважнай для сьвету. Асноўныя міжнародныя мэдыя паказваюць сотні і тысячы людзей на беларуска-польскай і беларуска-літоўскай мяжы. Чым большы скандал, чым гучнейшы эфэкт. Да таго ж колькасьць мігрантаў на беларускай тэрыторыі шматкроць павялічылася, і іх ужо можна арганізаваць у калёны.
Беларускія ўлады асабліва не хаваюць сваю датычнасьць да гэтай гісторыі. Вось міністар унутраных спраў Іван Кубракоў заявіў: «Мы забясьпечваем ахову, суправаджаем мігрантаў у іх перамяшчэньнях».
Апэляцыя эўрапейскіх палітыкаў да Расеі пакуль што ня столькі вырашае мігранцкі крызіс, колькі павялічвае залежнасьць Беларусі ад РФ.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.