Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пакутуем, бо не хапае ежы і вады». Мігранты расказалі пра жыцьцё ў лягеры на мяжы, які ахоўваюць беларускія сілавікі. Відэа


Мігранты на мяжы Беларусі і Польшчы 9 лістапада 2021 г.
Мігранты на мяжы Беларусі і Польшчы 9 лістапада 2021 г.

На відэа, якое выклалі ў фэйсбук, мігранты на мяжы Беларусі і Польшчы расказваюць пра сваю сытуацыю. Прапануем вашай увазе пераклад іх аповедаў.

Мужчына (0:00-0:17)

«Мы сем’ямі прыбылі з Курдыстану. Вы самі ведаеце, што сытуацыя ў Курдыстане вельмі кепская. Цяпер мы ў лесе. Пакутуем, бо не хапае ежы і вады. Мы ў вельмі дрэнным становішчы. Тут ёсьць зусім маленькія дзеці. Некаторым толькі па два месяцы, немаўляты».

(0:17-0:33)
«Тут шмат семʼяў. Хацелася б, каб наш голас пачулі ўсе журналісты ў Эўропе, асабліва ў Нямеччыне, каб нехта прыехаў нас уратаваць — уратаваць нас ад гэтага кепскага становішча».

Чалавек за кадрам (0:33-0:37)

«А колькі ўжо дзён вы ў Беларусі?»

Мужчына (0:37-0:43)

«Некаторыя — два месяцы, некаторыя — месяц; нехта — 40 дзён, нехта — 50».

Чалавек за кадрам (0:43-0:51)

«Давайце спытаемся ў гэтай спадарыні. Вы зь дзіцем. Як вы пачуваецеся тут, у лесе?»

Жанчына (0:51-1:00)

«Мы ў вельмі кепскім становішчы. Мы ўжо пакутуем, бо не хапае ежы і вады. Мы спадзяёмся, што нехта нам неадкладна дапаможа».

Чалавек за кадрам (1:00-1:01)

«А вы, шаноўная?»

Жанчына (1:01-1:09)

«Мы спадзяёмся, што наш голас пачуюць усе, каго гэта тычыцца. Мы спадзяёмся, што яны пачуюць наш голас і прыедуць нам дапамагчы».

Чалавек за кадрам (1:09-1:11)

«Якія ў вас тут праблемы?»

Жанчына (1:11-1:26)

«У нас тут шмат праблем. Мы ня можам спаць. Ня маем ежы і вады. Тут вельмі холадна. У нас тут дзеці, якія могуць памерці праз гэта. Калі ласка, дапамажыце нам! З намі вельмі малыя дзеці. Тут ёсьць хворыя дзеці і дзеці-інваліды».

Мужчына і жанчына (1:34-1:44)

Мужчына: «Паглядзіце на гэтае дзіця, яно ня мае ног».
Жанчына: «Калі ласка, здымі ягоны абутак і адзеньне!»
Мужчына: «Паглядзіце, у яго пратэзы!»

Голас за кадрам (1:44-1:47)

«Чаго вы хочаце дасягнуць, сабраўшыся тут?»

Жанчына (1:47-2:01)

«Мы проста хочам, каб усе пачулі наш голас, каб нам дапамаглі і каб нас уратавалі адсюль. Мы сапраўды ў вельмі кепскай жыцьцёвай сытуацыі. Калі ласка, дапамажыце нам неадкладна!»

Мужчына (2:01-2:06)

«Глядзіце, калі вы пасунеце сваю камэру, дык пабачыце, як шмат тут людзей — ад 2000 да 3000».

Чалавек за кадрам (2:09-2:12)

«А што вы, маці? Ці маеце вы дзяцей?»

Жанчына (2:12-2:25)

«Так, у мяне двое дзяцей. Тут вельмі холадна. Нашыя дзеці — гэта ж ня мы, яны хварэюць праз такое надворʼе. Калі ласка, дапамажыце нам неадкладна!»

8 лістапада тысячы мігрантаў прыйшлі да калючага дроту на мяжы Беларусі з Польшчай. Урад Польшчы заявіў, што прыводзіць свае войскі ў поўную баявую гатоўнасьць. 9 лістапада Польшча закрыла памежны пераход «Кузьніца», непадалёк ад якога сабраліся мігранты. Літва ад 0 гадзін 10 лістапада ўводзіць рэжым надзвычайнага становішча ў раёнах, памежных зь Беларусьсю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG