Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мігранты ля польскай мяжы ў Горадзенскай вобласьці 9 лістапада 2021
Мігранты ля польскай мяжы ў Горадзенскай вобласьці 9 лістапада 2021

Мігранцкі крызіс на мяжы: што адбываецца 9 лістапада. ОНЛАЙН

  • 8 лістапада тысячы мігрантаў прыйшлі да калючага дроту на мяжы Беларусі з Польшчай. Урад Польшчы заявіў, што прыводзіць свае войскі ў поўную баявую гатоўнасьць.
  • 9 лістапада Польшча закрыла памежны пераход «Кузьніца», непадалёк ад якога сабраліся мігранты.
  • Упраўленьне вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ) выказала гатоўнасьць садзейнічаць вырашэньню гуманітарных праблем мігрантаў на беларуска-польскай мяжы.
  • Літва ад 0 гадзін 10 лістапада ўводзіць рэжым надзвычайнага становішча ў памежных раёнах зь Беларусьсю.
22:56 9.11.2021

«Дасьць Бог, мы зможам адкрыць мяжу для сябе і іншых»

На відэа, якое выклалі ў фэйсбук, мігранты на мяжы Беларусі і Польшчы расказваюць пра сваю сытуацыю. Прапануем вашай увазе пераклад іх аповедаў.

20:50 9.11.2021

Эўразьвяз абвінавачвае Лукашэнку ў завабліваньні і падмане мігрантаў

«Мадэль, паводле якой рэжым Лукашэнкі праводзіць свае дзеяньні, прымушае людзей верыць, што яны могуць прыехаць у Беларусь і далей працягнуць шлях у ЭЗ. Гэта частка бесчалавечнага і нават бандыцкага падыходу рэжыму Лукашэнкі. Ён хлусіць людзям і прывозіць іх у Беларусь зь ілжывымі абяцаньнямі лёгка патрапіць у ЭЗ», — сказаў прэсавы сакратар Эўракамісіі Пэтэр Стана.

19:13 9.11.2021

Лукашэнка: «Мы не задзіраемся»

«Змагацца сёньня супраць мігрантаў „Леапардамі“? Вы мяне прабачце. Мы з вамі, людзі вайсковыя, разумеем, што такое сёньня весьці вайну з гэтымі няшчаснымі людзьмі на мяжы Польшчы, дапусьцім, зь Беларусьсю і высоўваць калёны танкаў. Ясна, што гэта нейкая трэніроўка ці шантаж», — заявіў Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію галоўнаму рэдактару расейскага часопісу «Нацыянальная абарона» Ігару Каротчанку.

«Мы не задзіраемся, як некаторыя ў Расеі папісваюць і нашыя беглыя там зь імі. Таму што мы ведаем, што калі, крый Божа, мы дапусьцім нейкую памылку, калі мы спатыкнёмся, то гэта адразу ж уцягне ў гэты вір Расею. А гэта найбуйнейшая ядзерная дзяржава. Я не вар’ят. Я выдатна разумею, да чаго гэта можа прывесьці. Таму ніякага тут няма гераізму — „схапіў аўтамат і пайшоў на польскую мяжу“ (дарэчы, дзе я служыў у свой час памежнікам) — не, ні ў якім выпадку. Мы разумеем, мы ведаем сваё месца. Але мы на калені ня станем», — заявіў Лукашэнка.

19:05 9.11.2021

Літва ад поўначы ўводзіць рэжым надзвычайнага становішча ў памежных раёнах зь Беларусьсю

Гэты рэжым будзе дзейнічаць месяц толькі на мяжы з Беларусьсю і на 5 км углыб тэрыторыі краіны, а таксама ў месцах расьсяленьня мігрантаў. Надзвычайнае становішча ўводзіцца ўпершыню пасьля аднаўленьня незалежнасьці Літвы.

18:39 9.11.2021

У пікеце каля польскай амбасады заўважылі прадстаўнікоў НОД і БРСМ

У пікеце, які адбыўся каля польскай амбасады ў Менску, прынялі ўдзел асобы, якія традыцыйна выходзяць на нешматлікія праўладныя выступленьні. Як піша «Наша ніва», сярод пікетоўцаў сёньня былі прадстаўнік руху НОД Аляксей Лявонаў і прадстаўнікі БРСМ, першы і другі сакратары арганізацыі Аляксандар Дзічкоўскі і Ўладзімер Багданаў. Усе яны былі і на пікеце, які сёлета адбыўся каля амбасады Літвы і таксама тычыўся пытаньняў адносін Беларусі з Эўразьвязам.

БРСМ — Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Арганізацыя, створаная дзеля падтрымкі курсу Аляксандра Лукашэнкі і праўладных дабрачынных і прапагандысцкіх акцый.

НОД — рух, які праслаўляе сталінізм, СССР, Лукашэнку, вызнае ідэі «русского мира» і крытыкуе краіны Захаду.

18:27 9.11.2021

Маравецкі пра сілу Польшчы

Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі правёў нараду з сілавымі службамі краіны. Сёньня раніцай Маравецкі асабіста прыехаў на мяжу зь Беларусьсю.

«Сіла Польшчы сёньня мусіць праяўляцца ў эфэктыўнасьці нашых дзеяньняў на мяжы», заявіў Маравецкі.

18:06 9.11.2021

Беларускія сілавікі кантралююць мігрантаў у непасрэднай блізкасьці

Новае відэа Памежнай варты Польшчы паказвае, што мігранты распальваюць вогнішчы і ходзяць уздоўж калючага дроту пад непасрэдным назіраньнем узброеных беларускіх сілавікоў, асабовы склад і аўтамабілі якіх знаходзяцца зусім блізка. Рухі аўтамабіляў, праўдападобна, паказваюць на тое, што беларускія сілавікі замяняюцца на такім імправізаваным дзяжурстве. Беларускія памежнікі па-ранейшаму ня ўказваюць мігрантам на незаконнасьць іх знаходжаньня на памежнай паласе, такія абвесткі ідуць толькі з польскага боку.

17:42 9.11.2021

Выклік польскага вайсковага аташэ

У Міністэрства абароны Беларусі выклікалі вайсковага аташэ пры амбасадзе Польшчы ў Менску Яраслава Кемброўскага.

«Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь занепакоенае павелічэньнем колькасьці польскіх вайскоўцаў ля нашых межаў, а таксама адсутнасьцю аб'ектыўнай аргумэнтацыі іх знаходжаньня».

17:40 9.11.2021

ААН запрошвае доступ да мігрантаў дзеля гуманітарнай дапамогі

Упраўленьне вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ) выказала гатоўнасьць садзейнічаць вырашэньню гуманітарных праблем мігрантаў на беларуска-польскай мяжы.

«З гуманітарнага пункту гледжаньня мы гатовыя падтрымліваць улады, мець доступ да гэтых людзей і магчымасьць ацаніць сытуацыю, у якой яны знаходзяцца, і пераканацца, што яны могуць атрымліваць абарону», — заявіла афіцыйны прадстаўнік вярхоўнага камісара ААН у справах бежанцаў (УВКБ) Шабія Манту.

17:37 9.11.2021

«Пакутуем, бо не хапае ежы і вады»

Мігранты расказалі пра жыцьцё ў лягеры на мяжы, які ахоўваюць беларускія сілавікі. На відэа, якое выклалі ў фэйсбук, мігранты на мяжы Беларусі і Польшчы расказваюць пра сваю сытуацыю. Свабода пераклала іх аповеды.

17:33 9.11.2021

Мігранты расьцягнуліся на кілямэтар

Увечары мігранты не канцэнтруюцца ў канкрэтным месцы мяжы, яны расьцягнуліся ўздоўж яе. Пра гэта сьведчыць відэаздымка з паветра, якую правялі польскія вайскоўцы з вэрталёту.

17:18 9.11.2021

Каля амбасады Польшчы ў Менску прайшоў праўладны пікет

Удзельнікі трымалі плякаты ў падтрымку ўцекачоў і чырвона-зялёныя сьцягі. Яны патрабавалі ад польскага ўраду прыняць усіх мігрантаў, якія знаходзяцца на беларускай тэрыторыі і спадзяюцца прабіцца ў Эўразьвяз.

17:10 9.11.2021

Размова Менска з Крамлём

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін днём 9 лістапада абмеркавалі па тэлефоне сытуацыю на мяжы Польшчы і Беларусі.

«Асаблівае месца ў размове заняло абмеркаваньне сытуацыі на беларуска-польскай мяжы, а таксама жорсткіх дзеяньняў польскага боку ў адносінах да мірных людзей», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Лукашэнкі.

15:51 9.11.2021

Станіслаў Жарын: Лукашэнку не ўдалося падзяліць нас

Прэсавы прадстаўнік каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын мяркуе, што плян Лукашэнкі падзяліць трансатлянтычную супольнасьць праваліўся. Таксама ён паведаміў, што Польшча не чакае ад Лукашэнкі зьмены тактыкі, наадварот, у Варшаве мяркуюць, што ён працягне напаўняць памежжа мігрантамі.

«Нашы партнэры з Эўразьвязу і NATO асуджаюць гібрыдныя атакі рэжыму Лукашэнкі супраць Польшчы і ўсяго ЭЗ і выказваюць сваю падтрымку намаганьням польскіх службаў па абароне зьнешніх межаў супольнасьці».

15:43 9.11.2021

Палкоўнік тэрытарыяльнай абароны: беларусы інструктуюць мігрантаў

Прэс-сакратар войскаў Тэрытарыяльнай абароны Польшчы Марэк Петшак паведаміў, што інструктаж мужчынаў-мігрантаў на мяжы праводзяць беларускія прапагандысты.

«Без удзелу і ўзгадненьня зь беларускімі службамі на мяжы нічога не адбываецца».

15:24 9.11.2021

Сьвятлана Ціханоўская адпраўляецца на перамовы ў Бэрлін

Візыт будзе доўжыцца да 12 лістапада. За гэты час Ціханоўская сустрэнецца з прэзыдэнтам ФРГ Францам-Вальтэрам Штайнмаерам, а таксама кіраўнікамі вядучых партый Олафам Шольцам і Аналенай Бэрбак. Асноўнай тэмай стане мігранцкі крызіс.

15:16 9.11.2021

Эўрапейская рада асудзіла дзеяньні Лукашэнкі

Кіраўнік Эўрапейскай рады Шарль Мішэль пасьля перамоў з прэзыдэнтам Літвы Гітанасам Наўседам заявіў, што дзеяньні беларускага кіраўніцтва не вытрымліваюць ніякай крытыкі.

«Выкарыстаньне мігрантаў як часткі гібрыднага нападу ніжэй за крытыку. Эўразьвяз не прыме аніводнай спробы „інструмэнталізацыі“ мігрантаў. Поўная салідарнасьць зь дзяржавамі-членамі ЭЗ».

15:01 9.11.2021

Мяжу патрулюе 16-я Мэханізаваная дывізія Польскага войска

Назіраньне за перасоўваньнем мігрантаў і беларускіх сілавікоў, якія штурхаюць іх на парушэньне мяжы, працягваецца ў тым ліку з паветра.

14:33 9.11.2021

У Менску адбудзецца акцыя «ў падтрымку мігрантаў»

Прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі плянуюць на 9 лістапада акцыю «ў падтрымку мігрантаў» ля амбасады Польшчы ў Менску. Збор на яе ідзе праз праўладныя каналы і чаты ў тэлеграме, паведамляе «Эўрарадыё».

14:10 9.11.2021

На аўтавакзале Горадні адмененыя ўсе аўтобусныя рэйсы ў Польшчу

Пусьціць транспарт празь іншыя пункты пропуску пакуль няма магчымасьці, піша тэлеграм-канал «Транспорт Беларуси».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG