Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта было страшней, чым падчас затрыманьня». Як фігуранты артыкула 23.34 вяртаюцца ў Беларусь з-за мяжы


Памежны пераход Новая Гута, мяжа Беларусі і Ўкраіны. Архіўнае фота.
Памежны пераход Новая Гута, мяжа Беларусі і Ўкраіны. Архіўнае фота.

Некалькі чалавек расказалі Свабодзе, што пры спробе прыехаць у Беларусь мелі праблемы з памежнікамі і мытнікамі.

«У мяне такія страхі былі. Усё што заўгодна магло здарыцца»

Жыхарку Менску Юлію мінулай восеньню затрымлівалі падчас «Жаночага маршу».

У адзін дзень зь ёю затрымалі некалькі соцень жанчын. Пасьля некалькіх гадзін у РУУСе Юлію адпусьцілі, папярэдне перапісаўшы пашпартныя зьвесткі. Да суду і «сутак» справа не дайшла. Аднак летам 2021 году Юлія зразумела, што дзяржава пра яе не забылася.

«Мы зь сяброўкай ехалі ў Беларусь з Варшавы на маршрутцы, — расказвае Юлія. — Я ўжо чула, што да такіх людзей (тых, каго затрымлівалі падчас пратэстаў восеньню 2020 году. — РС) ёсьць асаблівая ўвага. Таму маральна рыхтавалася. Але заўсёды ж думаеш, а раптам нічога ня будзе. Але не, так не бывае».

У маршрутцы, якой Юлія вярталася дадому з Польшчы, ехала каля дзесяці чалавек. На пашпартны кантроль яна пайшла прыкладна ў сярэдзіне групы. Кантроль адбываўся даволі хутка. Пакуль справа не дайшла да самой Юліі.

«На кантролі была такая прыгожая дзяўчына-памежніца, — узгадвае Юлія. — Паглядзела на мой пашпарт, на манітор свой, затым зноў на пашпарт, на мяне. Я ўжо зразумела, што гэта працягваецца даўжэй, чым ва ўсіх іншых пасажыраў маёй маршруткі. Яна „прабіла“ нешта. Потым ужо звоніць па тэлефоне, да яе падыйшоў нейкі іншы памежнік. Яна запісала яму штосьці на паперцы, і ён пайшоў. Я тады падумала, што вось, пачаліся прыгоды».

Пасьля гэтага Юлію прапусьцілі на мытны кантроль, дзе амаль адразу прапанавалі прайсьці ў асобнае памяшканьне.

«У мяне з сабой быў толькі заплечнік і торба праз плячо, больш нічога, — расказвае Юлія. — Нават ноўтбука не было. Толькі вопратка. Мытнік паглядзеў туды зь ліхтарыкам і ўсё, нават не капаўся там. І тут я яму пашпарт паказваю. Ён бачыць маё прозьвішча і пачынае зусім іншы надгляд. Як разумею, яно было напісанае на той паперцы ад памежнікаў. Мытнік пачынае літаральна рыцца ў маіх рэчах, адкрываць усё, што бачыць. У касмэтычку палез, пра лекі пытаўся, пра рэчывы ўсякія. Пра грошы спытаў. Сказаў, што трэба пералічыць тут альбо пайсьці ў іншае месца».

Юлія пагадзілася пайсьці. Грошы ў дзяўчыны былі пры сабе, але ў межах дазволенай сумы. Па яе словах, мытніка цікавілі толькі даляры, глядзець на беларускія рублі ён адмовіўся. У выніку мытнік склаў акт асабістага надгляду і адпусьціў дзяўчыну да іншых пасажыраў, папярэдне забраўшы пашпарт.

«Калі забіраюць пашпарт, гэта заўсёды напружвае, — прызнаецца Юлія. — Па тэрыторыі пункту пропуску яшчэ хадзіла памежніца з чыімсьці пашпартам. Я думала, што гэта мой і што мяне зноў будуць надглядаць. Гэта ўсё непрыемна. У мяне такія страхі былі тады, страшны час. Усё што заўгодна магло здарыцца. Такі трывожны быў стан, я ўся ўпацела. Нават калі мяне забіралі ў РУУС, было ня так страшна».

Па словах Юліі, з паводзінаў мытніка было зразумела, што ён проста робіць тое, што прапісана ў правілах. Дзяўчына лічыць, што ўнясеньне фігурантаў артыкула 23.34 у сьпісы асобаў, якіх неабходна пільна надглядаць на мяжы, — гэта чарговы спосаб націснуць на людзей.

«Каб табе было непрыемна, некамфортна, — перакананая Юлія. — Каб ты лішні раз падумаў, трэба табе езьдзіць у „варожую“ Польшчу ці ня варта. Яны не тлумачаць, чаму адводзяць цябе на асабісты надгляд. Гэта дзіўна ўсё. Я нават не спрабавала распытваць, чаму яны гэта робяць. Гэта ўсё відавочна там было. Хоць, вядома, варта распытваць. Трэба, каб яны хоць неяк тлумачылі свае дзеяньні».

Мянчанка Тацяна ў верасьні вярталася ў Беларусь з Украіны. Ехала ня рэйсавым аўтобусам, а з арганізаванай групай беларусаў, якія прыяжджалі ва Ўкраіну на лячэньне. Увосень 2020 году яна мела пратакол і суд паводле артыкула 23.34. Пасьля гэтага некалькі разоў езьдзіла за мяжу і вярталася назад у Менск. Кожны раз яе спынялі для асабістага надгляду.

«Цяпер таксама так было, — кажа яна. — На табе пашпартны кантроль спыняецца, яны забіраюць твой пашпарт, адсоўваюць убок твае рэчы. Я ўжо чакала, што гэта будзе. Такое са мной цяпер адбываецца кожны раз. Першы раз было ў аэрапорце, тады яшчэ можна было лятаць. Гэта было ня тое каб жорстка, але агляд быў вельмі пільны. Яны рэальна дасталі кожную рэч і яе агледзелі».

Па словах Тацяны, яна таксама некалькі разоў вярталася ў Беларусь з-за мяжы транзытам праз тэрыторыю Расеі. Там ніякай асаблівай цікавасьці да яе і да ейных рэчаў расейскія памежнікі не праяўлялі.

«Калі ехала зараз з Украіны, то гэта, відаць, быў самы „лайтовы“ надгляд, без імпэту, — расказвае дзяўчына. — Грошай таксама не шукалі пільна, спыталі толькі, колькі я вязу. Запісалі суму з маіх словаў. Фотаапарат паглядзелі, аб’ектывы. Усё ў акт агляду занесьлі, напісалі, што рэчы карыстаныя».

Тацяна кажа, што спрабавала даведацца, у чым прычына такой пільнай цікавасьці да яе на беларускай мяжы, але памежнікі кожны раз проста адмахваліся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG