Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Венская канфэрэнцыя ў пытаньнях Беларусі: ці пачнецца вялікі гандаль?


Канцлер Аўстрыі Аляксандар Шаленбэрг
Канцлер Аўстрыі Аляксандар Шаленбэрг

Канцлер Аўстрыі Аляксандар Шаленбэрг заявіў на саміце Рады Эўразьвязу, што 22 лістапада ў Вене адбудзецца міжнародная канфэрэнцыя аб Беларусі. Чаго можна чакаць ад яе?

Сьцісла:

  • Цікавы сам факт, што пытаньне дыялёгу аб беларускай праблеме пастаўлена ў практычную плашчыню.
  • Саму ідэю дыялёгу ў прынцыпе і раней не адхіляў ніводзін бок.
  • ЭЗ і афіцыйны Менск па-рознаму бачаць парадак дня перамоваў.
  • Саступка шантажысту небясьпечная тым, што шантаж можа ў любы момант аднавіцца.
  • Унутраны беларускі крызіс трансфармуецца ў крызіс рэгіянальнай бясьпекі.
  • Пакуль мэты, якія ставіць ЭЗ у беларускім кейсе, не суадносяцца са сродкамі.

Акрамя самога факта правядзеньня канфэрэнцыі ў пытаньнях Беларусі, пакуль ніякай дадатковай інфармацыі няма. Які фармат гэтага форуму, склад удзельнікаў, хто з кім будзе весьці дыялёг? Адказы на гэтыя пытаньні на цяперашні момант не зьявіліся.

Але цікавы сам факт, што пытаньне дыялёгу аб беларускай праблеме пастаўлена ў практычную плашчыню. Па вялікім рахунку, ніякай сэнсацыі тут няма. Саму ідэю дыялёгу ў прынцыпе і дасюль не адхіляў ніводзін бок. ЭЗ шмат разоў заклікаў да ўнутрыпалітычнага беларускага дыялёгу паміж бакамі канфлікту і выказваў гатоўнасьць быць пасярэднікам. Афіцыйны Менск вуснамі і Лукашэнкі, і Макея прапаноўваў Эўропе пачаць абмяркоўваць тэму мігрантаў. І нават Пуцін у адказ на заклікі Францыі і Нямеччыны дапамагчы вырашыць міграцыйны крызіс казаў, што Эўразьвязу трэба весьці перамовы з кіраўніцтвам Беларусі.

Аднак ёсьць прынамсі дзьве праблемы. Адна – фармальна-юрыдычная. Захад не прызнае Лукашэнку прэзыдэнтам, таму, з гледзішча Брусэля і Вашынгтона, у Беларусі няма легітымнай улады. Але гэтая праблема лёгка пераадольная. Амбасады заходніх краін прысутнічаюць у Менску, міністар замежных спраў Уладзімер Макей правёў перамовы з кіраўнікамі дыпляматычных ведамстваў Вугоршчыны і Фінляндыі (чальцамі ЭЗ) падчас Генэральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку. Калі ўзьнікае патрэба, то ў дыялёг уступаюць з кім заўгодна. Вось ЗША падчас прэзыдэнцтва Дональда Трампа вялі перамовы з афганскімі талібамі. І канцлер Аўстрыі Аляксандар Шаленбэрг адзначыў, што нельга размаўляць зь Беларусьсю толькі мовай санкцый.

Другая праблема больш важная і сутнасная. Справа ў тым, што бакі (ЭЗ і афіцыйны Менск) па-рознаму бачаць парадак дня перамоваў. Брусэль хацеў бы абмеркаваць сытуацыю ўнутры Беларусі: спыненьне рэпрэсій, вызваленьне палітвязьняў, перамовы паміж уладай і апазыцыяй, новыя выбары. У афіцыйнага Менску іншы парадак дня: беларускія ўлады гатовыя спыніць шантаж мігрантамі ў абмен на адмену санкцый.

І ЭЗ паўстае перад важнай дылемай. Ёсьць спакуса ліквідаваць мігранцкі крызіс за кошт паслабленьня санкцыйнага рэжыму. Але саступка шантажысту небясьпечная тым, што шантаж можа ў любы момант аднавіцца, а потым будзе паўтарацца зноў і зноў.

Другі важны момант. Рэжым Лукашэнкі – гэта ўжо ня толькі ўнутраная беларуская гуманітарная праблема. Гісторыя з пасадкай самалёта кампаніі Ryanair, шантаж мігрантамі сьведчаць пра тое, што ўнутраны беларускі крызіс трансфармуецца ў крызіс рэгіянальнай бясьпекі, Беларусь ператвараецца ў дэстабілізатара сытуацыі ў Эўропе (6 тысяч мігрантаў зь Беларусі ўжо апынуліся ў Нямеччыне).

Ці гатовая Эўропа ў гульню на падвышэньне ставак? Адказ не відавочны. Пакуль мэты, якія ставіць ЭЗ у беларускім кейсе, не суадносяцца са сродкамі. Тыя мэтады ўзьдзеяньня на рэжым Лукашэнкі, якія выкарыстоўвае Эўразьвяз, не працуюць. А на больш жорсткія захады, мяркуючы па ўсім, Эўропа не гатовая. Ва ўсялякім разе, пакуль.

Ёсьць вялікія сумневы, што афіцыйны Менск прышле сваіх прадстаўнікоў на канфэрэнцыю ў Вене. Бо там будуць прысутнічаць лідэры беларускай грамадзянскай супольнасьці, магчыма, Сьвятлана Ціханоўская. Усе яны ў Беларусі абвешчаныя экстрэмістамі, на іх заведзеныя крымінальныя справы. Для беларускіх уладаў прынцыпова непрымальна ўступаць зь імі ў дыскусіі. Таму, думаю, ня варта чакаць нейкага практычнага выніку ад гэтай канфэрэнцыі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG