Пасьля затрыманьня і арышту Прахарэнка атрымаў псыхічны разлад. Ён страціў, па словах таты, 35 кіляграмаў вагі.
«Прыняць меры прымусовай бясьпекі і лячэньня, зьмясьціць у псыхіятрычны шпіталь пад агульны нагляд, да ачуньваньня», — такое рашэньне вынес суд.
Прахарэнку абвінавацілі ў «абразе прэзыдэнта, міліцыянтаў, судзьдзяў, дэпутата». Усяго ў справе 23 пацярпелыя, у тым ліку Лукашэнка.
Сам Юры не прысутнічаў на судзе. Ён у СІЗА. Экспэртыза паказала, што на фоне затрыманьня і пабіцьця ў жніўні 2020 году, а таксама крымінальнага перасьледу і зьмяшчэньня ў турму ў яго разьвіўся псыхічны разлад. Яго інтарэсы на судзе прадстаўляў бацька.
Паводле афіцыйнага абвінавачаньня, Юры быў падпісаны на каналы, дзе публікаваліся асабістыя зьвесткі сілавікоў. Са сьнежня па красавік ён пісаў «камэнтары абразьлівага характару, выказаныя ў непрыстойнай форме».
Сяргей Прахарэнка, бацька абвінавачанага, на судзе расказаў, што сын працаваў грузчыкам. Быў апалітычны. Позна ўвечары 11 жніўня 2020 году яго затрымалі ў цэнтры гораду, калі ён вяртаўся дахаты з прагулкі.
«Яго затрымалі, потым моцна пабілі ў Навабеліцкім РАУС. Потым далі 12 сутак, але Юры адсядзеў толькі 3 дні. Ён зафіксаваў сьляды пабіцьця, пісаў скаргі на затрыманьне і біцьцё, але сьледчыя не знайшлі вінаватых. Напісалі нам у адказе, што ўсе былі ў балаклавах, таму немагчыма вызначыць, хто менавіта яго пабіў», — тлумачыў на судзе бацька абвінавачанага.