Мяркуецца, што 10 лістапада будзе вынесены прысуд Сяргею Ціханоўскаму, Міколу Статкевічу, Ігару Лосіку, Уладзімеру Цыгановічу, Арцёму Сакаву і Дзьмітрыю Папову.
Палітзьняволены абураны тым, што ягоную адвакатку Натальлю Мацкевіч адхілілі ад справы.
«Выдаленьне адваката якраз перад судовымі спрэчкамі парушае маё права на абарону, нават пазбаўляе мяне абароны. Бо, апроч гэтага, яшчэ і суд закрыты і я не магу ані сьведак запрасіць, ані доказы далучыць да справы. Натальля абараняла мяне з самага пачатку, больш за 500 дзён, і цяпер нават у фінале ёй не далі выступіць. Я ў шоку ад такой несправядлівасьці! Памятаю канец стрыму ў Астраўцы — вельмі трапна», — напісаў у лісьце Ціханоўскі.
У канцы стрыму з Астраўца Сяргей Ціханоўскі сказаў: «На каждый роток не накинешь платок».
Ён піша, што ні аб чым не шкадуе і чакае перамен да лепшага.
«Чалавек можа вытрываць і перацярпець усё, што магчыма, да самой сьмерці. А сьмерць непазьбежная. Калі ты гэта ведаеш — ты нічога не баісься. Калі ты гатовы кожны дзень, то чым цябе можна напалохаць? Калі ты робіш тое, што мусіш, то што цябе можа спыніць?» — зазначыў палітвязень.
У сваім лісьце Ціханоўскі таксама працытаваў радкі Байрана:
«Но тот, кто знал, за что с судьбою бьётся,
Пусть бой проигран, духом не сдаётся».