Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Знайсьці адваката для Бабарыкі будзе вялікай праблемай». Што адбываецца, калі зьняволены застаецца без адваката


Віктар Бабарыка ў судзе
Віктар Бабарыка ў судзе

За апошнія паўгода амаль тры дзясяткі беларускіх адвакатаў пазбаўленыя ліцэнзій. Што рабіць, калі падчас сьледзтва ці судовага працэсу фігурант крымінальнай справы застаецца без адваката?

25 кастрычніка Натальлю Мацкевіч, абаронцу палітвязьняў Віктара Бабарыкі, Мікалая Дзядка, Сяргея Ціханоўскага, пазбавілі адвакацкага статусу. На чацьвер 28 кастрычніка прызначана камісія Мін’юсту, на якую выклікаюць апошняга з чатырох адвакатаў Віктара Бабарыкі Яўгена Пыльчанку, а таксама і адвакатаў Эдуарда Бабарыкі.

«Калі ў чалавека быў адзін абаронца, заключаецца дамова з новым адвакатам»

На ўмовах ананімнасьці юрыст патлумачыў, што рабіць у выпадку, калі чалавек застаецца без абароны.

«Калі ў чалавека быў адзін абаронца, заключаецца дамова з новым адвакатам. Адвакат прыступае да азнаямленьня са справай, бярэ перапынак для вывучэньня матэрыялаў і пасьля гэтага ўступае ў працэс. І разгляд пачынаецца наноў.

Калі было некалькі абаронцаў, то адсутнасьць аднаго не перашкаджае працягваць разгляд справы. Нават калі далучаецца новы абаронца, можна папрасіць даць перапынак для ўваходжаньня яго ў справу, калі ён запатрабуе. Але могуць і не дазволіць — маўляў, аднаго абаронцы дастаткова, можа ён і паралельна вывучаць матэрыялы, пакуль ідзе сьледзтва альбо працэс», — тлумачыць юрыст.

І дадае, што цягам, бадай, апошніх дзесяці гадоў, калі справа рэзанансная, дастаткова складаная, людзі заяўляюць не аднаго абаронцу, а некалькі.

У Сяргея Ціханоўскага ёсьць другі адвакат

У лістах да маці Сяргей Ціханоўскі выказвае трывогу, што яго пазбаўляюць «галоўнай абаронцы» Натальлі Мацкевіч. На дадзены момант у Ціханоўскага ёсьць яшчэ адзін адвакат, апроч Мацкевіч. Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзілі прынамсі дзьве дасьведчаныя крыніцы.

«Ты ўжо, напэўна, ведаеш, што адхілілі майго адваката Натальлю Мацкевіч, якая ад самага пачатку займалася маёй справай (каля 500 дзён) і павінна была неўзабаве выступіць на спрэчках у судзе і заяўляць доказы ў маю абарону. Але гэта ўжо, напэўна, лічыцца злачынствам у нас у краіне. Акрамя таго, што суд закрыты і праходзіць у СІЗА, каб ніхто ня змог даведацца праўду, то яшчэ і пазбаўляюць мяне магчымасьці абараняцца, адхіляючы майго галоўнага абаронцу...» — напісаў Ціханоўскі 13 кастрычніка ў лісьце да маці Соф’і Яфрэмаўны.

Суд над Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Міколам Статкевічам, Уладзімерам Цыгановічам, Дзьмітрыем Паповым і Арцёмам Сакавым ідзе ў закрытым рэжыме ў будынку гомельскай турмы з 24 чэрвеня.

«Можна наймаць і іншых адвакатаў. Папрасіць перапынак у сувязі з тым, што ў працэс уступае новая асоба. Але яго могуць і ня даць — бо адзін абаронца ў Ціханоўскага ёсьць», — выказаў меркаваньне юрыст, які ведае акалічнасьці справы.

«З аднаго боку, трэба наймаць іншых адвакатаў. Але наймаць дзеля чаго?»

Экс-банкір Віктар Бабарыка, які асуджаны на 14 год пазбаўленьня волі, падобна, можа застацца без апошняга абаронцы — адваката Яўгена Пыльчанкі, у дачыненьні да якога распачата дысцыплінарнае вядзеньне і якога 28 кастрычніка выклікаюць у Мін’юст.

Дарэчы, заўважае юрыст, наяўнасьць адваката ў асуджанага — справа даволі рэдкая. Звычайна адвакат працуе са сваім падабаронным да заканчэньня разгляду ўсіх апэляцый.

«Толькі ў адзінак з тых, хто ўжо атрымаў тэрміны, застаюцца адвакаты. Гэта ўжо не крымінальны працэс, калі павінен быць абаронца, а добраахвотная справа. То бок права мець адваката асуджаны мае, але нямногія гэтым карыстаюцца», — тлумачыць юрыст.

Што да Віктара Бабарыкі, у калёніі да яго асаблівае стаўленьне. І хоць адміністрацыя абавязаная дапускаць адваката, даваць спатканьні, абаронцу да экс-банкіра дапускаюць толькі пасьля працы. Таму ягоны апошні адвакат сустракаўся зь ім па вечарах, калі Віктар Дзьмітрыевіч адпрацуе, кажа суразмоўца Свабоды.

«Цяпер у Бабарыкі, падобна, не засталося ніводнага з чатырох абаронцаў. Як быць? З аднаго боку, трэба наймаць іншых адвакатаў. Але наймаць дзеля чаго? Каб ён проста прыяжджаў, наведваў, але не перадаваў прывітаньні грамадзтву, не расказваў нічога?

Апошнім адвакатам Бабарыкі ўпікалі, што яны перадавалі навіны ад яго. Але ж гэта не забаронена — перадаваць ягоныя меркаваньні, расказваць пра ягонае бачаньне некаторых зьяў і падзей. Ці пагодзіцца новы адвакат на тое, разумеючы, што ён таксама будзе пазбаўлены ліцэнзіі, калі нешта раскажа? А які сэнс проста езьдзіць у калёнію, калі новы адвакат ня ведае падрабязнасьцяў справы, што цягнулася больш за год? Якая карысьць ад яе асуджанаму? А перадаваць інфармацыю, важную для грамадзтва, — небясьпечна.

Знайсьці новага адваката для Бабарыкі будзе вялікай праблемай», — выказаў сваю асабістую думку юрыст.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG