Сьцісла:
- Агульнанацыянальныя страйкі не адбываюцца на загад палітыкаў ці палітычных цэнтраў, няхай сабе і аўтарытэтных
- Рэвалюцыйны выбух ёсьць вынікам складанай камбінацыі шматлікіх чыньнікаў
- Цяпер спад грамадзкай актыўнасьці, пэўная дэпалітызацыя і дэмабілізацыя
- Эпоха пралетарскіх рэвалюцыяў адышла разам з індустрыяльным грамадзтвам.
- Асноўным рухавіком леташніх пратэстаў у Беларусі была сярэдняя кляса.
Супярэчлівае стаўленьне да магчымасьці страйку зьявілася найперш з гледзішча нерэалістычнасьці гэтай ідэі і неадпаведнасьці той грамадзка-палітычнай атмасфэры, якая цяпер пануе ў Беларусі.
Галоўная праблема ў тым, што рэвалюцыі, агульнанацыянальныя страйкі, выбухі масавага пратэсту не адбываюцца на загад нейкіх палітыкаў ці палітычных цэнтраў, няхай сабе і аўтарытэтных. На загад могуць быць арганізаваныя змова, мяцеж, вайсковы пераварот. А рэвалюцыйны выбух ёсьць вынікам складанай камбінацыі шматлікіх чыньнікаў: вялікай палітызацыі грамадзтва, эмацыйнага напалу, нейкай падзеі, якая стала трыгерам маральнага ўздыму.
Такія чыньнікі супалі летам і восеньню мінулага году. Тады быў відавочны падʼём і цікавасьць грамадзтва да палітыкі. Зашкальвала колькасьць людзей, якія спажывалі інфармацыю незалежных мэдыя. Дзяржаўны апарат крыху хістаўся. У сярэдзіне жніўня 2020 году страйк быў магчымы і дэ-факта на некаторых прадпрыемствах ён часткова адбыўся.
А вось у канцы кастрычніка мінулага году, калі зьявіўся заклік Сьвятланы Ціханоўскай да агульнанацыянальнага страйку, ён прагучаў на трэндзе спаду масавых пратэстаў. Таму і не атрымаўся.
Сёньня мы бачым мінімізацыю грамадзкай актыўнасьці, пэўную дэпалітызацыю і дэмабілізацыю. А таксама масавую эміграцыю грамадзкіх актывістаў. Плюс вельмі жорсткія рэпрэсіі: зусім нядаўна адбыліся затрыманьні прадстаўнікоў рабочага руху і незалежных прафсаюзаў. У такіх умовах агульнанацыянальны страйк маларэальны. Менавіта таму асноўныя апазыцыйныя цэнтры за мяжой (штабы Сьвятланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі) паставіліся да гэтай ідэі, скажам мякка, даволі асьцярожна.
Ёсьць яшчэ адзін важны чыньнік. Да страйку заклікала Беларускае аб’яднаньне рабочых, ён скіраваны ў асноўным на калектывы прамысловых прадпрыемстваў. Традыцыйна страйк — гэта ў асноўным пралетарскі спосаб барацьбы.
Аднак праблема ў тым, што эпоха пралетарскіх рэвалюцыяў адышла разам з індустрыяльным грамадзтвам. Сёньня мы жывём у постіндустрыяльную эпоху. Доля прамысловасьці ў разьвітых краінах цяпер невялікая, і яна ўвесь час зьмяншаецца. У Беларусі ў тым ліку. На арэну грамадзка-палітычнай барацьбы цяпер выходзяць зусім іншыя пласты грамадзтва.
Асноўным рухавіком леташніх пратэстаў у Беларусі была сярэдняя кляса: айцішнікі, людзі, якія працуюць у недзяржаўным сэктары. І, дарэчы, у канцы кастрычніка мінулага году на заклік Сьвятланы Ціханоўскай да страйку адгукнуліся ў асноўным прыватныя фірмы ў сфэры абслугоўваньня. Рабочыя складалі ня самую вялікую долю пратэсту.
Да таго ж у беларускай прамысловасьці пераважаюць дзяржаўныя прадпрыемствы, большасьць якіх ня вельмі эфэктыўныя, шмат стратных. Яны моцна залежаць ад падтрымкі дзяржавы, ільготаў, субсыдыяў, крэдытаваньня. І згаданы чыньнік стрымлівае работнікаў ад таго, каб актыўна пратэставаць супраць рэжыму, які фактычна іх падтрымлівае.
Усё гэта разам стварае ня надта спрыяльныя ўмовы для агульнанацыянальнага страйку.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.