Сьцісла:
- Своеасаблівае ковід-дысыдэнцтва стала працягам і ўзмацненьнем той палітыкі, якую праводзілі беларускія ўлады ў 2020 годзе.
- Лукашэнка імкнецца даказаць, што народны правадыр ня можа памыляцца. Ніколі і ні ў чым.
- Дзяржава мінімізуе сваю функцыю ў справе абароны здароўя і жыцьця людзей і перакладае адказнасьць на саміх грамадзянаў.
- Наўрад ці такая пазыцыя дадасьць Лукашэнку папулярнасьці.
26 кастрычніка ў Менску са сьцен аўтобусаў, тралейбусаў і трамваяў зьніклі абвесткі пра абавязковае нашэньне масак. У грамадзкім транспарце перасталі гучаць і папярэджаньні пра масачны рэжым. Яшчэ 22 кастрычніка Міністэрства аховы здароўя адмяніла абавязковае нашэньне масак у грамадзкіх месцах. Чыноўнікі выконваюць загад Лукашэнкі, які ён даў падчас нарады 19 кастрычніка.
Больш як паўтара года гэтыя абвесткі нікому не перашкаджалі. І вось раптам, як у вядомай кнізе пра бравага жаўнера Швейка, «усё ішло добра, пакуль не ўмяшаўся генэральны штаб». 26 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка ў Лідзе пацьвердзіў сваю пазыцыю наконт абсалютнай добраахвотнасьці вакцынацыі і нашэньня масак. І гэта на тле імклівага росту захворвальнасьці на COVID-19. А таксама насуперак настойлівым рэкамэндацыям Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, дый нармальнай лёгіцы.
Гэтае своеасаблівае ковід-дысыдэнцтва стала працягам і ўзмацненьнем той палітыкі, якую праводзілі беларускія ўлады ў 2020 годзе. Гэта значыць: прымяншаць небясьпеку, адмаўляцца ад абмежавальных захадаў, якія прымяняюцца ў іншых краінах.
У чым прычына такой пазыцыі? Пакінем убаку вэрсію пра помсту народу за ягонае дрэннае стаўленьне да свайго правадыра (такая вэрсія актыўна распаўсюджваецца ў сацыяльных сетках). Думаю, тут усё складаней.
Здаецца відавочным, што на ягоную пазыцыю ўплывае тая псыхалягічная траўма, якую ён атрымаў ад пратэставага выбуху мінулага году. І ён спрабуе пераадолець яе, перагнуўшы кій у іншы бок. Упартасьць Лукашэнкі абумоўлена той жа прычынай, што і імкненьне давесьці сваю рацыю ў супрацьстаяньні з пратэстоўцамі. Маўляў, я сапраўды перамог на прэзыдэнцкіх выбарах з вынікам 80%, а ўсе, хто з гэтым ня згодны, — бандыты, экстрэмісты і тэрарысты, падкупленыя Захадам.
Ковід-дысыдэнцтва Лукашэнкі ляжыць у той самай сфэры. Ён сам прызнае, што ягоная пазыцыя па COVID-19 стала адной з прычын масавай незадаволенасьці грамадзтва. Ну дык тым горш для грамадзтва. Народны правадыр ня можа памыляцца. Ніколі і ні ў чым. Нават калі даводзіцца супрацьстаяць усяму сьвету і расплачвацца за гэта дарагой цаной: здароўем і жыцьцямі людзей.
Ягоныя аргумэнты, што ўвесь сьвет прызнаў рацыю беларускага падыходу ў барацьбе з гэтым вірусам і зараз ужо ня ўводзіць локдаўн, не вытрымліваюць крытыкі. Бо ў эўрапейскіх краінах большасьць насельніцтва ўжо вакцынаваная ці ў працэсе такога рашэньня гэтай праблемы.
Але тут ёсьць яшчэ адно тлумачэньне. У іншых дзяржавах, нават зь лібэральнай ідэалёгіяй, у момант вострага ковіднага крызісу ўлады ўзялі на сябе функцыю абароны жыцьця і здароўя грамадзянаў. Таму і ўвялі жорсткія правілы, якія мінімізуюць кантакты людзей.
У Беларусі ж на працягу апошняга году дзяржава пазбавілася значнай часткі функцый. Спачатку гэта тычылася ў асноўным палітычнай сфэры: правасудзьдзя, замежнай палітыкі, аховы межаў (мігранцкі крызіс). Цяпер гэта пачало распаўсюджвацца і на сацыяльную сфэру. Так, перад сфэрай адукацыі пастаўлена задача найперш дамагацца палітычнай ляяльнасьці, а не даваць веды.
І вось цяпер дзяржава мінімізуе сваю функцыю ў справе абароны здароўя і жыцьця людзей і перакладае адказнасьць на саміх грамадзянаў. Лукашэнка на нарадзе 19 кастрычніка казаў: «Кожны чалавек павінен распараджацца сваім лёсам так, як ён лічыць патрэбным... Ніякага ціску на людзей... Толькі добраахвотнасьць... І маскі, і ахоўныя мерапрыемствы, і вакцынацыя — гэта выключна добраахвотная справа кожнага чалавека».
Гэта значыць, як і ў выпадку зь іншымі сфэрамі, дзяржава часткова вызваляецца, скідае з плячэй яшчэ адну функцыю. Маўляў, задача дзяржорганаў — толькі лячыць людзей. А прафіляктычныя захады, каб зьменшыць камунікаваньне паміж людзьмі, — ня наша справа.
Наўрад ці такая пазыцыя дадасьць папулярнасьці Лукашэнку.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.