Гадавая інфляцыя ў Беларусі перавысіла 10% — гэта ўдвая болей, чым плянаваў беларускі ўрад. У мінулым месяцы цэны на харчовыя тавары вырасьлі на 2,1%, на нехарчовыя — на 1%, на паслугі — на 0,5%.
Пры гэтым чыноўнікі абяцаюць беларусам рост рэальных заробкаў. У эфіры АНТ міністар фінансаў Юры Селіверстаў паабяцаў рост заробкаў у наступным годзе. Паводле ягонага прагнозу, рост заробкаў будзе «рэальны», то бок апярэдзіць рост інфляцыі.
«Ён будзе мець і рэальнае значэньне, то бок будзе вышэйшы, чым інфляцыя», — сказаў міністар.
«Забясьпечыць рост заробкаў можа толькі рост эканомікі»
На думку фінансавага аналітыка «Альпары Эўразія» Вадзіма Іосуба, пры падзеньні эканомікі рэальныя заробкі таксама зьніжаюцца.
«У наступным годзе эканоміка будзе зьніжацца, запрацуюць старыя санкцыі, могуць увесьці новыя санкцыі. Верагодна, на гэтым фоне будзе зьніжэньне эканомікі і зьніжэньне рэальных заробкаў. Калі намінальны рост заробкаў усё ж будзе, то ён будзе адставаць ад інфляцыі», — мяркуе Вадзім Іосуб.
«І нават аптымізацыя не дапаможа»
Кіраўнік міністэрства фінансаў Юры Селіверстаў раней казаў, што «рэсурсы на павышэньне заробкаў бюджэтнікам давядзецца шукаць, сярод іншага, і за кошт унутрыгаліновай аптымізацыі».
Але аптымізацыя не прывядзе да росту рэальных заробкаў агулам, мяркуе Вадзім Іосуб.
«З пункту гледжаньня макраэканомікі нічога ж не зьмяняецца. Фонд заробкаў не зьмяняецца, проста пры аптымізацыі яго дзеляць на меншую колькасьць людзей. Тым, каго звольняць, гэта ж не дапаможа. Калі мы гаворым пра сярэднія паказчыкі, то мы гаворым пра рост дабрабыту», — кажа Вадзім Іосуб.
Што прагназуюць міжнародныя арганізацыі
У Эўразійскім банку разьвіцьця для Беларусі прагназуюць двухзначную гадавую інфляцыю — на ўзроўні 10%. Адна з прычын — падаражэньне харчаваньня ва ўсім сьвеце, у тым ліку ў Расеі.
Міжнародны валютны фонд прагназуе інфляцыю ў Беларусі па выніках гэтага году на ўзроўні 9,2%, а рост эканомікі — на 2,1%.