Сьцісла:
- Адбываецца эвалюцыя дзяржаўных інстытутаў у кірунку мілітарызацыі, вайскова-паліцэйскага рэжыму.
- Кадравыя прызначэньні 18 кастрычніка сталі вельмі яскравай ілюстрацыяй гэтай тэндэнцыі.
- Зусім нядаўна незалежныя мэдыя шмат пісалі пра ператварэньне школ у казармы, кантроль міліцыі за іх працай. Цяпер надышла чарга Акадэміі навук.
- Галоўным ініцыятарам заканадаўчых зьменаў у краіне становіцца МУС.
У эвалюцыі палітычнага рэжыму Беларусі выявілася выразная тэндэнцыя. Чым далей, тым больш дзяржава пазбаўляецца ад уласных функцый, пакідаючы толькі тыя, якія забясьпечваюць захаваньне ўлады, то бок карныя. Дзяржаўныя інстытуты, пакліканыя задавальняць патрэбы грамадзтва, пераарыентуюцца на самаабслугоўваньне, абарону ўласных інтарэсаў ад прэтэнзій з боку грамадзтва. Адбылася рэдукцыя дзяржавы да палітычнага рэжыму.
Адпаведна вырасла палітычная вага сілавых структур. Адбываецца эвалюцыя дзяржаўных інстытутаў у кірунку мілітарызацыі, вайскова-паліцэйскага рэжыму. Сілавыя структуры сталі сыстэмаўтваральным элемэнтам лукашэнкаўскай дзяржавы.
Кадравыя прызначэньні 18 кастрычніка сталі вельмі яскравай ілюстрацыяй гэтай тэндэнцыі. Міністрам юстыцыі замест прафэсійнага юрыста стаў генэрал-маёр міліцыі, былы намесьнік міністра ўнутраных спраў Сяргей Хаменка. Пры прызначэньні Лукашэнка патлумачыў прычыну замены. Ягоныя заявы можна інтэрпрэтаваць так: ад Міністэрства юстыцыі патрабуецца хуткасьць і рашучасьць у правядзеньні рэпрэсіўных захадаў, таму ня трэба абцяжарвацца дасканалым выкананьнем прававых працэдур.
Яшчэ больш выразным прыкладам таго, у якім кірунку рухаецца краіна, стала прызначэньне намесьнікам старшыні прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) былога камандзіра спэцпадразьдзяленьня «Альфа» Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, былога намесьніка старшыні КДБ Алега Чарнышова.
Зусім нядаўна незалежныя мэдыя шмат пісалі пра ператварэньне школ у казармы, кантроль міліцыі за іх працай. Здаецца, цяпер настала чарга Акадэміі навук. Узмацненьне кантролю КДБ над НАН азначае, што палітычная ляяльнасьць яе супрацоўнікаў цяпер для ўладаў больш важная, чым навуковыя адкрыцьці.
11 сакавіка 2021 году міністрам па надзвычайных сытуацыях быў прызначаны міліцэйскі генэрал Вадзім Сіняўскі. 15 кастрычніка ў звароце да асабовага складу МНС ён абвясьціў, што ў выпадку надзвычайнага становішча перад ведамствам стаіць задача спыненьня беспарадкаў у краіне са зброяй у руках. Бо афіцэр МНС — гэта «праваднік дзяржаўнай ідэалёгіі». З гэтага можна зразумець, што барацьба з пажарамі і навадненьнямі — справа другасная.
То бок функцыі дзяржаўных інстытутаў мяняюцца. Замест выкананьня сваіх асноўных абавязкаў яны ўсё больш пераарыентоўваюцца, заточваюцца на барацьбу з праціўнікамі рэжыму і забесьпячэньне палітычнай ляяльнасьці.
Зьвярніце ўвагу, апошнім часам галоўным ініцыятарам заканадаўчых зьменаў у краіне становіцца МУС. То яно прапануе абвяшчаць чальцамі экстрэмісцкіх арганізацый падпісчыкаў «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў, то хоча пазбавіць грамадзянства беларусаў, якія выехалі за мяжу і паводзяць сябе «няправільна».
У нармальнай краіне права заканадаўчай ініцыятывы ў асноўным належыць парлямэнту. У Беларусі дасюль гэтую функцыю выконвалі Адміністрацыя прэзыдэнта і ўрад. Цяпер на першы плян у гэтай справе выходзіць міліцыя. Што вельмі сымбалічна і лішні раз дэманструе, якая эпоха на беларускім календары.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.