Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі патлумачыў ад'езд францускага пасла і адклікаў свайго пасла на кансультацыі ў Менск


Нікаля дэ Лякост
Нікаля дэ Лякост

Амбасадар Францыі Нiкаля дэ Лякост 17 кастрычніка быў вымушаны пакінуць Менск. 18 кастрычніка стала вядома аб адкліканьні беларускага амбасадара ў Менск на кансультацыі.

У францускай амбасадзе Свабодзе паведамілі, што пасол выехаў на патрабаваньне МЗС Беларусі. Ён разьвітаўся з калектывам амбасады.

МЗС Беларусі патлумачыў ад'езд францускага амбасадара так: ён не выказаў гатоўнасьці завяршыць прадугледвжаную міжнародным правам і агульнапрынятай практыкай працэдуру ўступленьня на пасаду, з-за чаго Беларусь апавясьціла Парыж аб заканчэньні дзеяньня сваёй згоды на яго прызначэньне.

Паводле МЗС Беларусі, беларускі амбасадар у Парыжы Ігар Фісенка быў таксама адкліканы ў Менск на кансультацыі.

Завяршэньнем уступленьня амбасадара на пасаду зьяўляецца ўручэньне даверчых лістоў кіраўніку дзяржавы. Нiкаля дэ Лякост толькі ўручыў летась копіі лістоў міністру замежных спраў Беларусі Ўладзімеру Макею, а ад сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам ухіляўся.

Адной з апошніх сустрэч у Менску ў амбасадара Нiкаля дэ Лякоста была размова з лідэрамі закрытай уладамі Белаурусі кампаніі «Гавары праўду».

Нiкаля дэ Лякост у 2020 годзе перадаў міністру замежных спраў Беларусі Ўладзімеру Макею копіі даверчых лістоў і ўхіляўся ад кантактаў з Лукашэнкам. Францыя, як і іншыя краіны Эўразьвязу, не прызнае Лукашэнку легальна выбраным прэзыдэнтам Беларусі.

Амбасадар Нiкаля дэ Лякост правёў у Беларусі 1 год і 2 месяцы. На гэты момант ніхто з амбасадараў эўрапейскіх краін не ўручаў даверчых лістоў Лукашэнку пасьля выбараў 2020 году.

Паводле кіраўніка Народнага антыкрызіснага кіраваньня Паўла Латушкі, ціск МЗС Беларусі на амбасадара дэ Лякоста зьвязаны з тым, што «Францыя па-ранейшаму ня згодная, каб амбасадар уручаў даверчыя лісты грамадзяніну Аляксандру Лукашэнку. Дэмакратычныя сілы ўдзячныя Францыі за паслядоўную і прынцыповую пазыцыю».

Апрача Нiкаля дэ Лякоста, на патрабаваньне беларускіх уладаў Беларусь пакінулі амбасадары Польшчы Артур Міхальскі і Эўразьвязу Дырк Шубэль, ад новай амбасадаркі ЗША ў Менску Джулі Фішэр МЗС адклікаў агрэман, яна такі і не змагла прыбыць у Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG