Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці перамог Лукашэнка ў гібрыднай вайне з Польшчай і краінамі Балтыі? Дыскусія экспэртаў


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў разважаюць пра наступствы мігранцкага крызісу для Беларусі, а таксама пра ідэю прыцягваць да крымінальнай адказнасьці за падпіску на тэлеграм-каналы, якія ўлада абвясьціла экстрэмісцкімі.

Ніжэй прыводзім некаторыя выказваньні зь першай часткі дыскусіі. Глядзіце відэаразмову цалкам.

Карбалевіч:

Хто выйграў супрацьстаяньне

  • Я б не сьпяшаўся казаць, што Лукашэнка прайграў у гэтым супрацьстаяньні. Сапраўды, Беларусь перастала выдаваць візы ў некаторых краінах Блізкага Ўсходу і ў менскім аэрапорце. Я думаю, што гэта зьвязана з тым, што мігранты пачалі ствараць праблему для саміх беларускіх уладаў. Калі іх не ўдаецца выпхнуць за мяжу і калі літоўцы з палякамі выштурхоўваюць іх назад, то гэта ўжо стварае праблему для Беларусі.
  • Тут два варыянты. Або беларускія ўлады сапраўды вырашылі закрыць гэты праект, ці пакуль узяць яго пад жорсткі кантроль — каб колькі мігрантаў прылятае ў Беларусь, то столькі ж мігрантаў павінна зьявіцца ў памежных краінах. Бо калі частка застаецца ў Беларусі, то гэта праблема. Таму спачатку ім трэба выпхнуць тых, якія ўжо ёсьць.
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Якую задачу ставілі беларускія ўлады

  • Задача-мінімум — стварыць праблему для суседзяў. Задача-максымум — прымусіць Эўразьвяз уступіць у перамовы і зьмяніць парадак дня. І праблему суседзям Беларусь сапраўды стварыла. У Польшчы гэта падагрэла ўнутраны палітычны канфлікт. Былі і дыскусіі ўнутры ЭЗ. Рэзалюцыя Рады Эўропы была ня вельмі прыемная для Польшчы. Але ідэя прымусіць ЭЗ абмяркоўваць замест спыненьня рэпрэсій і вызваленьня палітвязьняў пытаньне мігрантаў і адмову ад санкцый — ня толькі не спрацавала. ЭЗ будзе ўводзіць чарговыя санкцыі. Стрэлілі сабе чарговым разам у нагу.

Цыганкоў:

Хто выйграў супрацьстаяньне

  • Ужо можна канстатаваць стратэгічную паразу беларускага боку ў мігранцкай гібрыднай вайне. Ужо відавочна, што яны не дамагліся таго, дзеля чаго пачыналі гэтую апэрацыю. Менск разьлічваў на гуманітарныя матывы, што Эўропа ня зможа глядзець на тое, як бедныя і няшчасныя людзі знаходзяцца недзе на памежнай тэрыторыі. Афіцыйны Менск разьлічваў, што гэта спрацуе. Але пралічыліся.
  • Польскія і літоўскія ўлады аказаліся дастаткова жорсткія ў гэтым пытаньні. Яны не паддаліся на спробы стварыць унутраны палітычны крызіс. Большасьць палітыкаў усё ж засталася на пазыцыях захаваньня жорсткіх памежных правілаў.
  • Мігрантаў, якія праходзяць мяжу, не пад канвоем туды прывезьлі, гвалтам. Гэта іх добраахвотная воля. Канечне, яны хочуць жыць у Эўропе, але шляхі ёсьць розныя. Можна гэтага дамагацца законна, а калі яны прыяжджаюць у Беларусь, плацяць уладам ці нелегальным перавозчыкам, то яны не такія нявінныя авечкі, якія гвалтам аказаліся ў лесе. І гэта ўплывае на польскую і літоўскую грамадзкую думку.
Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Якую задачу ставілі беларускія ўлады

  • Лукашэнка пераацаніў сваё ранейшае ўменьне капіталізацыі рызыкаў і падвышэньня ставак. Як у тым анэкдоце, калі ў чалавека ня было праблемаў, то ён прыйшоў да рабіна, і той параіў яму купіць казу. А калі зьявіліся праблемы — параіў яе прадаць. Так і Лукашэнка: хоча сваімі дзеяньнямі прадаць казу, а потым сваімі ж дзеяньнямі праблему зьняць і застацца пераможцам. Ідуць халады, людзі самі пабаяцца ісьці ў лес. Так ці інакш, часова ці назаўжды, Лукашэнка будзе вымушаны адступіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG