Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін не прыехаў на саміты ў Менск — і зруйнаваў плян Лукашэнкі легітымізаваць свой рэжым


Уладзімір Пуцін падчас онлайн-саміту ЭАЭС слухае прамову Лукашэнкі
Уладзімір Пуцін падчас онлайн-саміту ЭАЭС слухае прамову Лукашэнкі

Лідэры постсавецкіх краін не прыляцелі ў Менск на саміты, што разбурыла пляны кіраўніцтва Беларусі на выхад зь міжнароднай ізаляцыі.

Сьцісла

  • Афіцыйны Менск ускладаў на саміты ЭАЭС вялікую надзею.
  • Пуцін плянаваў прыехаць у Менск, аднак перадумаў.
  • У выніку ў Менск ніхто з кіраўнікоў не прыляцеў, саміты ЭАЭС і СНД прайшлі ў рэжыме онлайн.
  • Адмова Пуціна прыехаць у Менск — гэта помста Крамля за пагром «Комсомольской правды».
  • У стасунках паміж Менскам і Масквой адбываецца пахаладаньне.

14–15 кастрычніка ў Менску адбыліся саміты ЭАЭС і СНД. Беларуская сталіца стала месцам іх правядзеньня паводле чаргі. Здавалася б, нічога новага, шараговая падзея, звычайная рутына.

Аднак беларускае кіраўніцтва ўскладала на гэтыя саміты вялікую надзею. Беларусь у міжнароднай ізаляцыі, Лукашэнку востра патрэбныя кантакты на найвышэйшым узроўні, каб даказаць замежнапалітычную легітымнасьць. А такіх кантактаў відавочна бракуе. Міжнароднае ізгойства існага рэжыму цяжка схаваць нават ад прыхільнікаў, якія глядзяць БТ. Бо і для іх, напрыклад, ускладнілася магчымасьць ляцець адпачываць да цёплага мора.

Таму саміты ЭАЭС і СНД павінны былі паказаць, што ніякай ізаляцыі няма, замежныя лідэры прызнаюць Лукашэнку прэзыдэнтам Беларусі. І галоўным доказам магло стаць зьяўленьне ў Менску прэзыдэнтаў постсавецкіх дзяржаў. Маўляў, пра якую ізаляцыю, якое ізгойства можна гаварыць, калі краіна прымае аж два міжнародныя саміты.

Упэўненасьці плянам афіцыйнага Менску надавала тое, што зусім нядаўна, 16 верасьня, саміт АДКБ у Душанбэ прайшоў у рэжыме офлайн. Толькі Пуцін не прыехаў, бо ў ягоным атачэньні захварэлі на COVID, астатнія ж прысутнічалі ў сталіцы Таджыкістану ўжывую. А ў АДКБ уваходзяць фактычна тыя ж краіны, што і ў ЭАЭС.

Таму Аляксандар Лукашэнка выпраменьваў аптымізм. 12 верасьня, падчас наведваньня вайсковых вучэньняў, ён паведаміў пра пляны сустрэцца з Пуціным на саміце СНД у Менску 15 кастрычніка.

«Мы, каб не перагружацца ў прыняцьці рашэньняў, дамовіліся, што перад Вышэйшым дзяржсаветам ён прыляціць да нас у Менск, дзесьці 15 кастрычніка будзе ў нас саміт СНД... і мы абмяркуем канкрэтыку», — сказаў ён.

У той жа дзень прэс-сакратар расейскага лідэра Дзьмітрый Пяскоў пацьвердзіў гэта: «Так, такія пляны ёсьць».

27 верасьня кіраўнік выканкаму СНД Сяргей Лебедзеў заявіў: «Мы вельмі ўсе спадзяёмся, што пасяджэньне Савету кіраўнікоў дзяржаў пройдзе ў вочным фармаце. На гэты момант пакуль ніхто з кіраўнікоў дзяржаў не адмовіўся ад удзелу ў вочным фармаце ў пасяджэньні ў Менску». Усё так цудоўна складалася!

Аднак у апошні момант нешта пайшло ня так. 11 кастрычніка стала вядома, што Пуцін у Менск не прыедзе. І тут жа высьветлілася, што астатнія лідэры постсавецкіх краін таксама перадумалі. Ці то атрымалі адмашку з Масквы, ці то самі добра зразумелі сыгнал з Крамля. У Менск ніхто не прыляцеў. Атрымаўся «аблом». У выніку саміты ЭАЭС і СНД прайшлі ў рэжыме онлайн, празь відэасувязь.

Чаму не прыляцеў Пуцін? Ня думаю, што прычыны тут у ягоным здароўі. Бо ён праводзіць сустрэчы згодна са сваім працоўным графікам, у тым ліку з замежнымі палітыкамі.

Выкажу гіпотэзу, што адмова Пуціна прыехаць у Менск — гэта помста Крамля за пагром «Комсомольской правды». Міністар замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў, які знаходзіўся ў Менску на паседжаньні кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў СНД, заявіў, што абмеркаваў гэтую тэму з Уладзімерам Макеем. То бок гэтае пытаньне было вылучана ім асобна.

Дарэчы, Лукашэнка Лаўрова не прыняў. Што даволі паказальна. Бо Лукашэнка звычайна прымае губэрнатараў нават заняпалых расейскіх губэрняў. А тут зь міністрам замежных спраў РФ не сустрэўся. Што пацьвярджае пахаладаньне ў адносінах паміж Менскам і Масквой.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG