Сёлета адзін з арганізатараў чытаньняў Зьміцер Дашкевіч прапанаваў зьмяніць фармат акцыі, паколькі ў сёньняшніх умовах небясьпечна ладзіць імпрэзы: сілавікі ўспрымаюць любы збор людзей як «несанкцыянаваную масавую акцыю».
«29 кастрычніка мы чарговы раз будзем узгадваць чорную ноч у гісторыі Беларусі. Такога злачынства, кажа Ўладзімер Арлоў, ня ведае гісторыя ніводнай эўрапейскай дзяржавы. Хацелася б 29 кастрычніка сустрэцца ў Курапатах — і, успамінаючы нявінна забітых, разважыць пра тое разам. Ды сем зьлейшых так узьбясіліся, што і гэтага ўжо ня зробіш. Але 29 кастрычніка запрашаю кожнага на сваім месцы згадаць „Ноч расстраляных паэтаў“: пад хэштэгам #Ночпаэтаў запішыце верш, прачытайце твор, паразважайце аб прычынах таго, што з намі адбывалася і адбываецца», — напісаў Дашкевіч.
29 кастрычніка 1937 году ў Курапатах пад Менскам карнікі савецкага НКУС расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Апошнія гады там праходзілі мэмарыяльныя сустрэчы, на якіх ушаноўвалі памяць расстраляных, чытаючы іх творы.