Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшаў тэрмін даўнасьці ў справе аб забойстве Ганны Паліткоўскай. За 15 гадоў замоўнікаў так і не знайшлі


Ганна Паліткоўская
Ганна Паліткоўская

Сёмага кастрычніка 2021 году скончыўся тэрмін даўнасьці ў справе аб забойстве журналісткі Ганны Паліткоўскай, паведамляе «Новая газета». За 15 гадоў замоўнікаў злачынства так і не знайшлі.

Згодна з артыкулам 78 КК РФ, асобы, якія зьдзейсьнілі асабліва цяжкое злачынства, вызваляюцца ад крымінальнай адказнасьці праз 15 гадоў.

У Крамлі не пажадалі камэнтаваць працу сьледчых. Пра гэта заявіў прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна Дзьмітрый Пяскоў.

«Мы не камэнтуем і не жадаем камэнтаваць працу сьледзтва, — цытуе Пяскова «Настоящее время». — Усім добра вядома, што многія злачынствы — асабліва на замову — вельмі складаныя ў раскрыцьці, і часьцяком на раскрыцьцё гэтых злачынстваў ідуць многія і многія гады. Вядома ж, нам усім хацелася б, каб вінаватыя ў гэтым злачынстве, выканаўцы і замоўнікі, былі выяўленыя і панесьлі пакараньне».

Эўразьвяз ізноў заклікаў расейскі ўрад, каб усе вінаватыя ў забойстве Ганны Паліткоўскай былі прыцягнутыя да адказнасьці «ў рамках адкрытага і празрыстага судовага працэсу». Брусэль чакае, што Масква выканае свае нацыянальныя і міжнародныя абавязаньні па абароне правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасьцяў, гаворыцца ў заяве прадстаўніка Эўразьвязу.

«Незалежныя СМІ і грамадзянская супольнасьць сутыкаюцца зь беспрэцэдэнтным ціскам з боку ўраду Расеі, у прыватнасьці, шляхам абвяшчэньня ўсё большай колькасьці сродкаў масавай інфармацыі, арганізацый грамадзянскай супольнасьці, а таксама асобных журналістаў і актывістаў «замежнымі агентамі» ці «непажаданымі», — адзначыў ЭЗ у звароце.

  • Сёмага кастрычніка 2006 году журналістку «Новай газеты» Ганну Паліткоўскую забілі ў ліфце ўласнага дома чатырма стрэламі, адзін зь іх — у галаву. На месцы злачынства міліцыя знайшла пісталет Макарава з глушыцелем і чатыры гільзы. Забойства прызналі замоўным.
  • У справе аб забойстве журналісткі праходзілі шасьцёра фігурантаў, ім прысудзілі рэальныя тэрміны. Сярод асуджаных — прызнаны арганізатарам злачынства Лом-Алі Гайтукаеў, выканаўца Рустам Махмудаў, пасярэднікі Сяргей Хаджыкурбанаў, Ібрагім і Джабраіл Махмудавы, а таксама падпалкоўнік ГУУС Масквы Дзьмітрый Паўлючэнкаў, чые падначаленыя ў працоўны час сачылі за Паліткоўскай. У рамках пагадненьня са сьледзтвам Паўлючэнкаў абавязаўся назваць замоўнікаў забойства, аднак не назваў і атрымаў мінімальны тэрмін.
  • Замоўнікаў забойства не знайшлі. Эўрапейскі суд у правах чалавека прызнаў, што расьсьледаваньне забойства Ганны Паліткоўскай не было эфэктыўным: сьледзтва не зрабіла дастатковых захадаў дзеля ўсебаковага і эфэктыўнага расьсьледаваньня злачынства.
  • «Новая газета», дзе працавала Паліткоўская, мае намер дамагацца аднаўленьня сьледзтва і раскрыцьця імя замоўніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG