Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскай «Новой газете» падкінулі адрэзаную галаву барана з пагрозамі


Мэмарыяльная дошка забітай журналістцы «Новой газеты» Ганне Паліткоўскай, архіўнае фота
Мэмарыяльная дошка забітай журналістцы «Новой газеты» Ганне Паліткоўскай, архіўнае фота

Выдавец газэты падазрае, што да гэтага маюць дачыненьне пракрамлёўскія «фабрыка троляў» і ўзброеныя найміты «ЧВК Вагнера».

Журналісту Дзянісу Караткову з расейскага незалежнага выданьня «Новая газета» двойчы пагражалі сьмерцю, сьцьвярджае газэта і просіць сілавікоў расьсьледаваць факты пагрозаў.

17 кастрычніка пад рэдакцыю падкінулі пахавальны вянок з надпісам «Дзяніс Караткоў — здраднік Радзімы». 18 кастрычніка — кошык з адрэзанай галавой барана і надпісам «Галоўнаму рэдактару «Новой газеты» з прывітаньнем вам і Караткову». Таксама, сьцьвярджае выданьне, у інтэрнэце распаўсюджваюцца заклікі да фізычнай расправы з журналістамі.

Пры гэтым Караткоў яшчэ не публікаваў матэрыялаў для «Новай газэты» – толькі ў верасьні перайшоў туды зь пецярбурскай «Фонтанки».

Выдавец «Новой газеты» Дзьмітрый Муратаў расказаў расейскай «Медузе», каго падазрае: прапуцінскую «фабрыку троляў» і калякрамлёўскую групоўку ўзброеных наймітаў, вядомую як «ЧВК Вагнера» (неафіцыйна выконвалі ваенныя апэрацыі на Данбасе, у Сырыі і Цэнтральнай Афрыцы). І «фабрыку троляў», і «ЧВК Вагнера» зьвязваюць з рэстаратарам Яўгенам Прыгожыным, якога ў Расеі называюць «кухарам Пуціна».

Караткоў у час працы ў выданьні «Фонтанка» выдаў сэрыю тэкстаў пра «ЧВК Вагнера», а яго цкаваньне ў інтэрнэце ішло праз выданьні «фабрыкі троляў» і «Фэдэральнае агенцтва навінаў», якое таксама зьвязваюць з Прыгожыным. Сьцьвярджалася, нібы Караткоў і «Новая газета» апублікавалі зьвесткі пра расейскіх лётчыкаў у Сырыі, якімі скарысталіся тэрарысты «Ісламскай дзяржавы», каб пачаць на тых лётчыкаў паляваньне. Але газэта сьцьвярджае, што ніякіх такіх або падобных зьвестак не публікавалася.

Выдавец мяркуе, што журналіста Караткова хочуць «загадзя скампрамэтаваць», пакуль ён не пачаў публікаваць матэрыялы ў «Новой газете».

Гэта далёка ня першыя пагрозы «Новой газете» і яе журналістам. У 2000 годзе быў забіты рэдактар аддзелу спэцпраектаў Ігар Домнікаў, у 2001-м — журналіст Віктар Папкоў, у 2006-м — журналістка Ганна Паліткоўская, у 2009-м — тры журналісты, якія супрацоўнічалі з газэтай: Натальля Эстэмірава, Анастасія Бабурова і Станіслаў Маркелаў. У выданьні падазраюць, што мог быць забіты намесьнік галоўнага рэдактара Юры Шчакачыхін, які ў 2003 годзе памёр ад «моцнага алергічнага шоку» пасьля атрыманьня пагрозаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG