Тут і імкненьне канчаткова зачысьціць інфармацыйную прастору ад незалежных ад улады мэдыя; і помста за пазыцыю ў трагедыі на вуліцы Якубоўскага; і напружаньне ў адносінах з Расеяй.
Сьцісла:
- Улады спрабуюць стварыць культ сілавых структураў.
- Адначасова ўлады вырашылі скарыстацца зручнай сытуацыяй, каб пазбавіцца ад, магчыма, апошняга масавага недзяржаўнага СМІ — «Комсомольской правды в Беларуси».
- Масква адрэагавала на пагром КП нэгатыўна таму, што тут спрацаваў «украінскі сындром». То бок хваравітая рэакцыя Расеі на забарону ва Ўкраіне расейскіх СМІ.
- Падаецца, у гісторыі з затрыманьнем Генадзя Мажэйкі расейскія ўлады не выглядаюць белымі і пухнатымі і не імкнуцца абараняць журналіста.
Жорсткія рэпрэсіі за камэнтары ў сацыяльных сетках пра дзьве ахвяры ў выніку перастрэлкі (затрымалі 116 чалавек) — гэта ня толькі спробы зьнішчыць усялякае іншадумства. Галоўнае палягае ў тым, што ўлады спрабуюць стварыць культ сілавых структураў. Адносна іх існуе прэзумпцыя невінаватасьці, беспамылковасьці (як казалі ў сталінскія часы, «нашы органы не памыляюцца»), беспакаранасьці. Ім даруецца ўсё. Гэта — асобая каста недатыкальных. Фактычна яны дзейнічаюць па-над законам. І калі супрацоўнік КДБ загінуў у барацьбе з палітычнымі апанэнтамі, то ён апрыёры герой.
За час кіраваньня Лукашэнкі было нямала выпадкаў, калі супрацоўнікі сілавых структураў гінулі ад рук злачынцаў або зь іншых прычын. Але іх пахаваньні заўсёды былі сьціплымі. Цяпер пахаваньне загінулага супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка ператварылі ў важную палітычную падзею. Яго хавалі як значнага дзяржаўнага дзеяча. На цырымонію разьвітаньня прыйшлі вышэйшыя дзяржаўныя асобы. Атрымліваецца, што статус ахвяры палітычнай барацьбы істотна вышэйшы, чым ахвяры барацьбы са злачыннасьцю.
І адваротны бок гэтага новага ідэалягічнага канструкту: усе пацярпелыя ад сілавікоў — апрыёры злачынцы. Любыя пазытыўныя ацэнкі іх — варожыя падкопы. Таму ўлады разбурылі народныя стыхійныя мэмарыялы забітых Аляксандра Тарайкоўскага, Рамана Бандарэнкі. Ну, і, адпаведна, любыя станоўчыя выказваньні адносна Андрэя Зельцара сталі падпадаць пад крымінальны артыкул. Пад гэты замес і трапіла «Комсомольская правда в Беларуси».
Адначасова ўлады вырашылі скарыстацца зручнай сытуацыяй (КП надрукавала пазытыўны артыкул пра Андрэя Зельцара), каб пазбавіцца ад, магчыма, апошняга масавага недзяржаўнага СМІ. А тое, што гэта філія расейскай газэты, ня так і важна. Паводле зьместу там было шмат беларускай тэматыкі. Па лёгіцы ўладаў, усё, што не залежыць ад дзяржавы, становіць пагрозу і павінна быць ліквідавана.
Магчыма, трохі нечакана Масква адрэагавала на пагром КП нэгатыўна і публічна. Нечакана таму, што сёньня слухаць ад расейскіх афіцыйных асобаў словы ў абарону свабоды СМІ трохі дзіўна. Але тут спрацаваў «украінскі сындром». То бок хваравітая рэакцыя Расеі на забарону ва Ўкраіне расейскіх (ці прарасейскіх) СМІ. Цяпер гэтае ўкраінскае рэха чуваць у заявах афіцыйных і паўафіцыйных асобаў Расейскай Фэдэрацыі з нагоды канфлікту вакол КП у Беларусі.
Больш заблытаная сытуацыя з затрыманьнем журналіста, аўтара нататкі пра Зельцара — Генадзя Мажэйкі. Пасьля таго як сайт КП быў заблякаваны, ён адчуў пагрозу і зьехаў з краіны. Але куды ехаць журналісту расейскага мэдыя? Зразумела, у Расею. Гэта цалкам лягічнае рашэньне.
А вось далей пачынаюцца загадкі і супярэчнасьці. Расейскія крыніцы паведамілі, нібыта Мажэйка быў затрыманы ў Маскве беларускімі спэцслужбамі. І што яго нават выкралі. Гэта адразу дало падставу для аналёгіі са справай Рамана Пратасевіча, калі дзеля затрыманьня нейкага знакавага апазыцыянэра беларускія ўлады ахвяравалі шмат чым.
Але МУС Беларусі заявіла, што Мажэйку затрымалі ў Беларусі. Бо той нібыта меўся вылецець у трэцюю краіну, аднак улады Расеі адмовілі яму ў такой магчымасьці і прадпісалі пакінуць тэрыторыю. Пасьля гэтага ён вярнуўся ў Беларусь, дзе яго і затрымалі.
Цяжка сказаць, што тут праўда. Але, падаецца, расейскія ўлады ў гэтай сытуацыі не выглядаюць белымі і пухнатымі. Даволі адметныя камэнтары прэсавага сакратара прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Пяскова. Ён нэгатыўна ацаніў толькі блякаваньне сайта КП. У тым жа рэчышчы гучаць камэнтары МЗС Расеі.
А вось абараняць Мажэйку расейскія афіцыйныя асобы і інстытуцыі не сьпяшаюцца. Сэнс камэнтара Пяскова палягае ў тым, што, маўляў, журналіст — грамадзянін Беларусі, таму беларускія ўлады могуць зь ім рабіць што захочуць. Таксама ён адзначыў, што ня мае зьвестак пра абставіны затрыманьня Мажэйкі. І сам факт, што беларускі журналіст вырашыў вылецець з Расеі, паказвае, што там яму знаходзіцца было небясьпечна. Нельга выключаць, што тут мела месца супрацоўніцтва спэцслужбаў дзьвюх краін. Што лішні раз пацьвярджае, што Расея — ня тое месца ў сьвеце, дзе супрацоўнікі СМІ могуць адчуваць сябе ў бясьпецы.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Генадзь Мажэйка. Таямнічае затрыманьне журналіста
- У канцы верасьня на сайце «Комсомольской правды в Беларуси» зьявілася нататка, дзе адна з аднаклясьніц забітага супрацоўнікамі КДБ праграміста Андрэя Зельцара добра выказалася пра яго. Аўтарам нататкі быў журналіст Генадзь Мажэйка.
- Мажэйку затрымалі ў ноч на 2 кастрычніка, пасьля чаго зьмясьцілі ў ізалятар на Акрэсьціна ў Менску, у яго дома правялі ператрус.
- Пры гэтым дакладна невядома, у якой краіне затрымалі Мажэйку. Беларускія сілавікі сьцьвярджаюць, што зрабілі гэта ў Менску, але ёсьць таксама інфармацыя пра тое, што журналіста «КП» выкралі з Масквы.
- Галоўны рэдактар «Комсомольской правды» Ўладзімір Сунгоркін сказаў, што Генадзя Мажэйку будуць абараняць два адвакаты.
- 4 кастрычніка прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Крэмль апавясьціў Лукашэнку аб тым, што выступае супраць блякаваньня СМІ на беларускай тэрыторыі, але беларускі бок ня чуе пазыцыі Масквы.
- 5 кастрычніка прадстаўнік «Комсомольской правды» Валянцін Алфімаў паведаміў, што Генадзь Мажэйка застаўся ў ізалятары пасьля 72 гадзін утрыманьня за кратамі, што азначае тое, што да яго ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Пры гэтым абвінавачаньняў яму ня выставілі.
- 11 кастрычніка Мажэйку выставілі абвінавачаньні ў распальваньні сацыяльнай варажнечы (арт. 130 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369). Да яго ў жодзінскае СІЗА не пускаюць адваката, спасылаючыся на карантын, а таксама не прымаюць перадачы.