Расейскі суд часткова задаволіў пазоў беларускага коміка Ідрака Мірзалізадэ да МУС Расеі: ведамства павінна вызначыць разумны тэрмін забароны знаходжаньня Мірзалізадэ ў краіне замест пажыцьцёвага, інфармуе The Village Беларусь.
Раней у МУС Расеі заявілі, што прысутнасьць коміка на тэрыторыі краіны непажаданая.
«У сваім публічным выступе Ідрак Мірзалізадэ дапусьціў выразы, якія правакуюць нянавісьць і варожасьць да асобаў расейскай нацыянальнасьці, прыніжаюць іх чалавечую годнасьць. У сувязі з гэтым яго знаходжаньне на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі прызнана такім, якое пагражае грамадзкаму парадку, правам і законным інтарэсам іншых асобаў».
У сакавіку 2021 году Мірзалізадэ атрымаў від на жыхарства ў Расеі.
10 жніўня Таганскі раённы суд Масквы арыштаваў коміка на 10 сутак за жарт аб арэндзе кватэры і расейцах. Ён расказаў гісторыю, як спрабаваў зьняць жыльлё і падчас агляду ўбачыў запэцканы калам матрац.
«Відаць, расейцы абмазваюцца г...ном і кладуцца спаць», — пажартаваў комік.
Пасьля гэтага Мірзалізадэ пачалі вінаваціць у русафобіі. 27 ліпеня гумарыст паведаміў, што яго пабілі ў цэнтры Масквы. 9 жніўня коміка арыштавалі на 10 сутак праз абвінавачваньне ў распальваньні нянавісьці. Рашэньне аб высылцы пазьней прыпынілі да разгляду апэляцыі коміка.
Ідрак Мірзалізадэ этнічны талыш, нарадзіўся ў Азэрбайджане, але ў малым узросьце пераехаў у Беларусь, дзе рос і вучыўся.