Міністэрства інфармацыі «ў сувязі з запытамі, якія ўзьніклі», нагадала, што газэта «„Комсомольская правда“ в Беларуси» — беларускі сродак масавай інфармацыі, заснаваны рэзыдэнтам Беларусі ЗАТ «БелКП-Прэс».
Раней Расея выказала нязгоду ў сувязі з тым, што быў заблякаваны сайт «„Комсомольской правды“ в Беларуси». Нагодай стала нататка з успамінамі пра застрэленага спэцслужбамі супрацоўніка ІТ-індустрыі Андрэя Зельцара, пасьля якой газэту абвінавацілі ў «абяленьні злачынца».
4 кастрычніка прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што ў Крамлі «з гэтым ня згодны, чакаем адмены абмежаваньняў і забесьпячэньня свабоднай працы нашага паважанага выданьня на тэрыторыі саюзнай нам Беларусі», — сказаў прадстаўнік Крамля.
Ён таксама ўдакладніў: паколькі гаворка пра грамадзяніна Беларусі, улады Расеі ня могуць даведвацца пра яго праз дыпляматычныя каналы і займацца абаронай інтарэсаў.
«Грамадзянін Беларусі затрыманы і знаходзіцца ў спэцыяльных службаў гэтай краіны. Вядома, калі гэта зьвязана зь яго журналісцкай дзейнасьцю, нельга ўхваляць такія дзеяньні. Але мы ня ведаем дэталяў і што канкрэтна ставіцца яму ў віну. Гаворка пра ўнутрыбеларускі сюжэт. Наўрад ці можам нешта дэталёва камэнтаваць», — адзначыў ён.
Тым часам рэдакцыя «Комсомольской правды» накіравала ў Менск спэцпрадстаўніка ў сувязі з затрыманьнем журналіста Генадзя Мажэйкі.
Пастаянная камісія правоў чалавека ў інфармацыйнай сфэры Рады пры прэзыдэнце Расеі па разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці і правах чалавека заклікала ўлады Беларусі вызваліць затрыманага журналіста.
Генадзь Мажэйка. Таямнічае затрыманьне журналіста
- У канцы верасьня на сайце «Комсомольской правды в Беларуси» зьявілася нататка, дзе адна з аднаклясьніц забітага супрацоўнікамі КДБ праграміста Андрэя Зельцара добра выказалася пра яго. Аўтарам нататкі быў журналіст Генадзь Мажэйка.
- Мажэйку затрымалі ў ноч на 2 кастрычніка, пасьля чаго зьмясьцілі ў ізалятар на Акрэсьціна ў Менску, у яго дома правялі ператрус.
- Пры гэтым дакладна невядома, у якой краіне затрымалі Мажэйку. Беларускія сілавікі сьцьвярджаюць, што зрабілі гэта ў Менску, але ёсьць таксама інфармацыя пра тое, што журналіста «КП» выкралі з Масквы.
- Галоўны рэдактар «Комсомольской правды» Ўладзімір Сунгоркін сказаў, што Генадзя Мажэйку будуць абараняць два адвакаты.
- 4 кастрычніка прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Крэмль апавясьціў Лукашэнку аб тым, што выступае супраць блякаваньня СМІ на беларускай тэрыторыі, але беларускі бок ня чуе пазыцыі Масквы.
- 5 кастрычніка прадстаўнік «Комсомольской правды» Валянцін Алфімаў паведаміў, што Генадзь Мажэйка застаўся ў ізалятары пасьля 72 гадзін утрыманьня за кратамі, што азначае тое, што да яго ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Пры гэтым абвінавачаньняў яму ня выставілі.
- 11 кастрычніка Мажэйку выставілі абвінавачаньні ў распальваньні сацыяльнай варажнечы (арт. 130 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369). Да яго ў жодзінскае СІЗА не пускаюць адваката, спасылаючыся на карантын, а таксама не прымаюць перадачы.