Суполка «Назіральнікі Пецярбургу» паведаміла, што ва ўчастковай выбарчай камісіі № 1459 сілавікі зьбілі кандыдата ў Заканадаўчы сход гораду ад партыі «Яблоко» Мікіту Сарокіна, піша «Настоящее время».
У арганізацыі ўдакладнілі, што Сарокін раней сам выклікаў паліцыю, калі выявіў выкраданьне з участку некалькіх соцень бюлетэняў.
Паводле інфармацыі Сарокіна, на ўчастку зьніклі ад 200 да 300 нявыкарыстаных блянкаў. Старшыня Ўчастковай выбарчай камісіі, згодна са словамі кандыдата ў заканадаўчы сход Санкт-Пецярбургу ад партыі «Яблоко», сышла з выбарчага ўчастку, нягледзячы на зьнікненьне бюлетэняў.
У гэтым дні ў Расеі адбываюцца парлямэнцкія выбары. Грамадзяне краіны выберуць 450 дэпутатаў Дзяржаўнай думы. Сёлета на выбары зарэгістраваліся 3812 кандыдатаў ад 14 партый. Акрамя выбараў у думу, у 12 рэгіёнах дзяржавы выбіраюць кіраўнікоў суб’ектаў РФ, а ў 39 рэгіёнах — дэпутатаў заканадаўчых органаў дзяржаўнай улады.
Незалежныя назіральнікі рапартуюць аб сотнях грубых парушэньняў выбарчага заканадаўства, улады гэтага не прызнаюць.
Раней расейская апазыцыя запусьціла ініцыятыву «Умное голосование», якая заклікана змагацца з фальсыфікацыямі на выбарах. Прыхільнікаў самага рэйтынгавага апазыцыянэра Расеі Аляксея Навальнага, які цяпер сядзіць у турме, да ўдзелу ў выбарах не дапусьцілі.
Лічбавыя ініцыятывы праціўнікаў прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна і праўладнай партыі «Единая Россия» апынуліся пад пагрозай пасьля таго, як адразу шэраг міжнародных онлайн-плятформаў пагадзіўся з патрабаваньнямі Крамля абмежаваць доступ да некалькіх старонак, што ствараліся пад выбары:
- Аплікацыя «Навальный» зьнікла з Google Play і App Store;
- Telegram заблякаваў бот расейскага «разумнага галасаваньня»;
- Google запатрабаваў ад каманды Навальнага выдаліць сьпісы «разумнага галасаваньня» з Google Docs.