У лісьце ад Google, скрын якога каманда Навальнага выклала ў сваім телеграм-канале, гаворыцца, што спасылкі на гэтыя дакумэнты былі ўнесены ў рэестар забароненых матэрыялаў Раскамнаглду.
«Калі вы ня выдаліце названыя матэрыялы, Google можа быць вымушаны заблякаваць доступ да іх», — цытуе паведамленьне «Настоящее время».
Таксама YouTube заблякаваў відэа каманды Навальнага з рэкамэндацыямі «Разумнага галасаваньня», паведаміла «Медиазона». Прычына — «патрабаваньне дзяржаўных органаў».
Раней Apple і Google выдалілі з сваіх анлайн-крамаў дадатак «Навальный» для расейскіх карыстальнікаў — у дадатку таксама былі апублікаваныя рэкамэндацыі «разумнага галасаваньня». Кампанія Apple удакладніла, што выканала патрабаваньне Раскамнагляду, згодна зь якім распаўсюджваньне кантэнту арганізацый, прызнаных экстрэмісцкімі, у Расе забаронена. Раней Генпракуратура РФ прызнала экстрэмісцкімі структуры Навальнага і забараніла іх дзейнасьць у краіне.
Як піша The New York Times са спасылкай на свае крыніцы, Google выдаліў прыкладаньне пасьля пагрозаў завесьці крымінальныя справы на супрацоўнікаў кампаніі ў Расеі. Пра пагрозы крымінальнай справай з боку расейскіх уладаў таксама паведаміла крыніца Bloomberg.
Неўзабаве пасьля паўночы 18 верасьня мэсанджэр Telegram заблякаваў бот «разумнага галасаваньня». Пры адкрыцьці бота высьвечваецца апавяшчэньне, што ён «парушае мясцовыя законы».
У ноч на 16 верасьня расійскія карыстальнікі паведамілі пра праблемы з доступам да сэрвісу Google Docs. Праекты GlobalCheck і «Роскомсвобода» тады выказалі здагадку, што гэта рэакцыя ўладаў на публікацыю на плятформе Google Docs сьпісаў «разумнага галасаваньня». Раніцай 16 верасьня блякаваньне спыніліся.