Гэта адбылося на другі дзень выбараў у Расеі, пад якія адзведзеныя тры дні. Як нагадвае «Настоящее время», незадоўга да гэтага заснавальнік Telegram Павел Дураў паведаміў, што мэсэнджэр будзе блякаваць «ботаў, зьвязаных з перадвыбарнай агітацыяй». Такое рашэньне Дураў патлумачыў «днямі цішыні», якія прадугледжваюць адсутнасьць агітацыі падчас выбараў, хоць пры шматдзённым галасаваньні ў Расеі ніякага «дня цішыні» не існуе і агітацыя забараняецца з пачаткам першага дня галасаваньня, гэта значыць з поўначы 17 верасьня.
Свой пост пра блякаваньне бота «разумнага галасаваньня» Дураў пачаў з крытыкі Google і Apple: «Сёньня Apple і Google заблякавалі аплікацыю каманды [зьняволенага апазыцыйнага палітыка] Аляксея Навальнага ў Расеі. У выніку асноўным перадвыбарчым інструмэнтам ад каманды Навальнага для расейцаў стаў бот „разумнага галасаваньня“ у Telegram. Мы рады, што мільёны расейцаў мелі магчымасьць скарыстацца гэтым ботам у рамках перадвыбарнай кампаніі кандыдатаў, і ганарымся тым, што Telegram застаецца самай вольнай плятформай у сетцы».
Раней Google і Apple выдалілі прыкладаньне «Навальный» з Google Play і App Store. Раскамнадгляд патрабаваў гэтага яшчэ з сярэдзіны жніўня, спасылаючыся на тое, што структуры Навальнага прызнаныя ў Расеі «экстрэмісцкімі арганізацыямі». The New York Times і Bloomberg напісалі, што ў Google пайшлі на выдаленьне прыкладаньня пад пагрозай крымінальнага перасьледу сваіх супрацоўнікаў.