Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызвалены ў жніўні бізнэсовец Аляксандар Кныровіч пакінуў Беларусь


Аляксандар Кныровіч на судзе ў красавіку 2018 году
Аляксандар Кныровіч на судзе ў красавіку 2018 году

Пра гэта ён напісаў у сваім фэйсбуку.

«Няма і ня можа быць ніякай больш важнай каштоўнасьці ў жыцьці чалавека, чым свабода. Свабода думаць, казаць, рабіць. Не азіраючыся…

І гэтае штодзённае адчуваньне важнейшае за грошы, здароўе, сэкс і сацыяльны статус.

Адзін мой знаёмы беларускі прадпрымальнік днямі сказаў мне: „Я жыву, засунуўшы пачуцьцё ўласнай годнасьці сабе ў …“. Я так не магу.

Я проста не змагу сябе ўгаварыць. Таму я зьехаў. Вельмі спадзяюся, што не назаўжды», — напісаў Аляксандар Кныровіч.

КДБ арыштаваў Кныровіча ў студзені 2017 году, да суду яго трымалі ў СІЗА КДБ («Амэрыканцы»). Аляксандар Лукашэнка амаль адразу па затрыманьні Кныровіча заявіў, што «таўро на ім ставіць няма дзе».

На судзе ў красавіку Кныровіч толькі часткова прызнаў віну. На абвінавачаньне ў нявыплаце падаткаў Кныровіч сказаў, што «ня згодны з мэтодыкай разьлікаў» і з тым, як сьледчыя вызначылі пэрыяды заніжэньня сумы падаткаў. Падсудны дапусьціў, што магла закрасьціся памылка больш як на 60 тысяч рублёў. Таксама, паводле Кныровіча, у яго не было намеру ўхіляцца ад выплаты падаткаў. Усяго, паводле сьледзтва, з 2008 году кампанія Кныровіча не сплаціла падаткаў больш як на 3,3 мільёна беларускіх рублёў. Некаторыя беларускія прадпрымальнікі не паверылі ў вінаватасьць Аляксандра Кныровіча і зладзілі кампанію салідарнасьці #злодзей_не_кныровіч, параўноўвалі справу Кныровіча са «справай патрыётаў».

Паводле зьвестак КДБ, хабар перадаваўся кіраўнікам сыстэмы ЖКГ за спрыяньне ў бізнэсе, але бацька бізнэсоўца казаў, што гэта прадпрыемствы ЖКГ былі вінаватыя кампаніі ягонага сына 1,5 мільёна даляраў.

У ліпені 2018 году Аляксандра Кныровіча асудзілі на 6 гадоў зьняволеньня. Пазьней пакараньне скарацілі на год. Кныровіч адбываў пакараньне ў Віцебскай калёніі, куды адпраўляюць асуджаных бізнэсоўцаў, былых чыноўнікаў і сілавікоў.

У сваім блогу Кныровіч крытычна выказваўся наконт разьвіцьця эканомікі Беларусі. За ягоны матэрыял з крытыкай спосабаў сьвяткаваньня Дня Перамогі быў часова заблякаваны рэсурс Kyky.org. Кныровіч займаўся ня толькі разьвіцьцём уласнага бізнэсу, але таксама інвэставаў у іншыя праекты, у ліку якіх была перадача «Мой бізнэс» на дзяржаўным тэлеканале АНТ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG