«Вызначым месца, будзем сустракацца, абмяркоўваць. Але пакуль ня будуць зьнятыя гэтыя бязмозглыя санкцыі і прыніжэньне нашых патрыятычных людзей, размаўляць зь імі ня будзем, на калені ня станем», — спасылаецца на Лукашэнку ягоная прэс-служба.
Ён таксама назваў «несаліднымі паводзінамі» спробы Брусэля націснуць на яго праз Маскву. Маўляў, абазнаны, што старшыня Эўрапейскай рады Шарль Мішэль прасіў прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна паспрыяць ў вырашэньні розных пытаньняў.
«Заходзяць, прабачце мяне, як сабакі пабітыя, прытым у дробязях: па спорце, культуры, іншых напрамках. Пачынаюць нашых хлопцаў ціснуць ні за што: выйшаў Баскаў (экс-старшыня Фэдэрацыі хакея. — РС) са сьцягам за прэзыдэнта — вораг, патрабуем выключыць з фэдэрацыі. Мярзотнікі дробязныя. Сапраўды несалідныя паводзіны», — канстатаваў Лукашэнка.
Ён адзначыў, што дыялёг з эўрапейскімі краінамі вядзецца. Але яго «напружвае», што патрабаваньні тычацца ўнутранай палітыкі Беларусі — выбараў, палітвязьняў і г.д. На гэта Лукашэнка параіў «заняцца сваімі праблемамі, якія эўрапейцы не могуць вырашыць».
Сытуацыю зь мігрантамі на эўрапейскай мяжы таксама назваў праблемай Захаду. Маўляў, раней там заявілі, што гатовыя прыняць усіх уцекачоў з Афганістану ды іншых краін, а цяпер выганяюць іх са сваёй тэрыторыі, «нацкоўваючы сабак і страляючы па-над галовамі».