Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель 11 верасьня сустрэлася з польскімі афіцыйнымі асобамі ў Варшаве ў рамках свайго апошняга турнэ па Эўропе ў якасьці кіраўніка нямецкага ўраду. Мэркель пакідае пасаду канцлера пасьля выбараў у Нямнеччыне, прызначаных на 26 верасьня
«Гібрыдная атака»
У парадку дня перамоваў Мэркель з прэм’ер-міністрам Матэушам Маравецкім у суботу — праблема нелегальнай міграцыі, у прыватнасьці, сытуацыя на мяжы Польшчы з Беларусьсю. Пытаньне выклікае ўсё большую заклапочанасьць у Эўрапейскім зьвязе. Урады Польшчы, Літвы і Латвіі абвінавачваюць Аляксандра Лукашэнку, што ён у адказ на санкцыі ЭЗ супраць афіцыйнага Менску накіраваў вялікую колькасьць бежанцаў з Блізкага Ўсходу ў Эўропу празь мяжу з Польшчай.
Ангела Мэркель назвала дзеяньні беларускіх уладаў па арганізацыі міграцыйнага крызісу «гібрыднай атакай», падкрэсьліўшы, што яны цалкам непрымальныя. Яна зьвярнула ўвагу, што ў гэтых дзеяньнях выкарыстоўваюцца жывыя людзі, і ў выніку частка зь іх апынулася ў складаных гуманітарных умовах.
«Ёсьць магчымасьць ім дапамагчы празь міжнародныя арганізацыі, Чырвоны крыж. Польскі бок павінен быць адкрыты да гэтага, але і беларускі бок таксама. Я зьвяртаюся да беларускага боку. Яны павінны зразумець, што гэта людзі, якім неабходная дапамога і абарона. Гэтых людзей выкарыстоўваюць у якасьці інструмэнту ціску. Я казала пра гэта і прэзыдэнту Расеі. Я лічу абсалютна непрымальным, што з дапамогай гэтых людзей рэалізоўваюцца такія гібрыдныя атакі», – заявіла канцлер Нямеччыны.
«Паўночны паток — 2»
Візыт канцлера праходзіць на тле паведамленьня з Масквы аб завяршэньні будаўніцтва газаправоду «Паўночны паток — 2», па якім газ з Расеі плянуюць пастаўляць у Нямеччыну. Супраць праекту выступаюць Польшча, Украіна і ЗША.
Мэркель нязьменна падтрымлівала будаўніцтва. Сёньня ў Варшаве яна паўтарыла, што Ўкраіна павінна заставацца краінай-транзіцёрам газу пасьля запуску «Паўночнага патоку — 2», на гэта нацэлена пагадненьне з ЗША.
На думку праціўнікаў «Паўночнага патоку — 2», трубаправод падарве энэргетычную бясьпеку Эўропы, павялічыць залежнасьць Эўрапейскага зьвязу ад расейскага газу.
- Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда не сустрэўся з Мэркель падчас яе візыту ў краіну. Варшава заявіла аб накладках у графіку прэзыдэнта, хоць раней у гэтым месяцы ўрад Нямеччыны паведаміў аб падрыхтоўцы сустрэчы Мэркель і Дуды.
- Павел Солох, кіраўнік бюро нацыянальнай бясьпекі краіны, сказаў польскаму радыё, што прэзыдэнт Польшчы падчас прыезду Мэркель у Варшаву будзе знаходзіцца ў Катавіцэ, гэтая паездка, маўляў, плянавалася даўно. Аб зьменах у раскладзе прэзыдэнта абвясьцілі неўзабаве пасьля таго, як Расея паведаміла аб завяршэньні будаўніцтва газаправоду.
- Ад моманту прыходу да ўлады ў 2005 годзе Мэркель наведвала Польшчу больш за два дзясяткі разоў.