Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белнафтахім» прыпыніў прапампоўваньне расейскай нафты ў Эўропу, бо прымае нафту з Украіны


Рэзэрвуар з нафтай, ілюстрацыйнае фота
Рэзэрвуар з нафтай, ілюстрацыйнае фота

Як паведаміла расейская нафтагазавая кампанія «Транснефть», сытуацыя зьвязана з прыёмам Беларусьсю партыі сыравіны праз  трубаправод Адэса — Броды з Украіны.

У сувязі з гэтым у офісе «Транснефти» тэлеканалу РБК патлумачылі, што прапампоўваньне расейскай нафты ў напрамку станцый Будковіцэ (Славаччына) і Фэнешлітке (Вугоршчына) будзе спыненая да 13 верасьня.

У «Белнафтахіме» пракамэнтавалі інфармацыю:

«Ніякай экстранасьці няма. Усе штатна і ўзгоднена ў рамках пляну прапампоўваньня нафты, бяз шкоды для прапампоўкі неабходных аб’ёмаў у кірунку Вугоршчыны. Тым больш адзначаецца нават прафіцыт тэхнічных магчымасьцяў, што пры неабходнасьці дазваляе павялічыць абʼёмы прапампоўваньня пры жаданьні партнэраў»,— заявілі ў канцэрне, перадае БелТА.

Сёлета ў сакавіку пампаваньне нафты на паўднёвым адгалінаваньні «Дружбы» празь Беларусь і Ўкраіну ўжо прыпынялася на чатыры дні з прычыны паставак на Мазырскі НПЗ азэрбайджанскай нафты.

Нафтаправод «Дружба», які забясьпечвае пастаўкі нафты на беларускія НПЗ і яе наступны транзыт у Эўропу, на тэрыторыі Беларусі падзяляецца на паўночную і паўднёвую часткі. Па першай, якая ідзе ад Мазыра да Берасьця, нафта пастаўляецца ў Польшчу і Нямеччыну. Па паўднёвай сыравіна паступае праз Украіну, Польшчу, Чэхію, Славаччыну, Вугоршчыну.

Даручэньне забясьпечыць пастаўку нафты з альтэрнатыўных крыніц у канцы мінулага году даў Аляксандар Лукашэнка. Сярод іншага вялася гаворка аб задзейнічаньні нафтаправоду «Дружба». У такім выпадку Беларусь атрымлівала магчымасьць рэвэрсам пампаваць нафту (нерасейскую) праз магістральны нафтаправод.

Тады камэрцыйныя бізнэс-пляны з прапановамі альтэрнатыўных варыянтаў паставак канкрэтнай нафты ўлады накіравалі ў Азэрбайджан, Казахстан, Польшчу, Украіну і краіны Балтыі.

За першае паўгодзьдзе Расея паставіла ў Беларусь 6,22 млн тон нафты. Пра гэта паведамляў «Інтэрфакс» са спасылкай на Цэнтральнае дыспэтчарскае ўпраўленьня паліўна-энэргетычнага комплексу Расеі. Гэта ў паўтара раза меней, калі параўноўваць з графікам паставак у папярэднія гады.

Абмежаваньне паставак расейскай нафты ў Беларусь

Да 2020 году Беларусь закупляла прыкладна 18 млн тон расейскай нафты — гэта максымальная загрузка нафтаперапрацоўчых заводаў у Мазыры і Наваполацку. Зыходзячы з гэтага, кожныя шэсьць месяцаў нафтавы імпарт мае складаць ня меней за 9 млн тон.

Аднак летась бакі доўга не маглі дамовіцца адносна цаны і аб’ёмаў сыравіны, што на нейкі час парушыла мэханізм паставак.

Сёлета дадаліся эканамічныя санкцыі ЗША і Эўразьвязу супраць канцэрну «Белнафтахім» і яго структурных падразьдзяленьняў, у выніку чаго некаторыя расейскія кампаніі адмовіліся ад кантрактаў, каб самім ня трапіць пад абмежаваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG