Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пакуль расейская нафта для Беларусі таньнейшая за любую альтэрнатыву. Але гэта зьменіцца ў 2024 годзе», — экспэрт


Мадэль нафтаправоду каля ўваходу на ААТ «Гомельтранснафта Дружба», Мазыр.
Мадэль нафтаправоду каля ўваходу на ААТ «Гомельтранснафта Дружба», Мазыр.

Аглядальніца інтэрнэт-выданьня «Белрынок» Тацяна Манёнак лічыць, што, нягледзячы на заявы Лукашэнкі, перамовы пра пастаўкі і цану расейскай нафты «толькі пачынаюцца», тлумачыць, чаму расейскія нафтавыя кампаніі не ідуць на кампрамісы, і дае адказ на вечнае пытаньне, чаму ж Беларусь прывязаная менавіта да расейскай нафты.

Сьцісла

  • Расейскія нафтавыя кампаніі занялі кансалідаваную пазыцыю і пакуль не ідуць на кампрамісы.
  • Расейскія нафтавыя кампаніі сёньня манапалісты ў пастаўках нафты на беларускія заводы, а з манапалістамі заўсёды цяжка весьці перамовы.
  • Сумарныя страты Беларусі ад «падатковага манэўру», як падлічыў Белнафтахім, складаюць 5,8 мільярда даляраў.
  • У 2024 годзе, калі завершыцца падатковы манэўр, расейская нафта для Беларусі будзе каштаваць 100 працэнтаў ад усясьветнай цаны.

— Сытуацыя з пастаўкамі расейскай нафты ў Беларусь нібыта трошкі супакоілася, на гэты час беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы часткова загружаныя сыравінай. Але ці азначае гэта стратэгічнае вырашэньне праблемы, ці канфлікт можа разгарэцца з новай сілай у любы момант?

— Гісторыя толькі пачынаецца. Дамова ёсьць толькі з адной прыватнай кампаніяй, якая належыць Гуцэрыеву. І абяцаных паставак нафты пакуль вельмі няшмат, 650 тысяч тон на студзень, гэта прыкладна каля 40 працэнтаў ад поўнай загрузкі заводаў. Зыходзячы з 24 мільёнаў тон, якія яны павінны перапрацаваць працягам гэтага году, гэта зусім мала. Перамовы з асноўнымі пастаўшчыкамі нафты ў Беларусь не завяршыліся.

— Як могуць скончыцца гэтыя перамовы? Ці кожная расейская нафтавая кампанія адстойвае свой канкрэтны матэрыяльны інтарэс, ці ёсьць нейкая агульная палітычная лінія, якая схіляе іх да саступак?

— 20 сьнежня Лукашэнка пасьля перамоваў з Пуціным у Санкт-Пецярбургу казаў, што прэзыдэнты знайшлі разьвязкі гэтага нафтавага пытаньня. Нібыта дадзеныя пэўныя ўказаньні нафтавым кампаніям перагледзець формулу ўтварэньня цаны на пастаўкі нафты ў Беларусь, перш за ўсё гэта тычыцца прэміі для асноўных кампаній, пастаўшчыкоў нафты.

Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак

Але, як бачым, гэтае нібыта агульнае рашэньне прэзыдэнтаў ніяк не падзейнічала на нафтавыя кампаніі. Яны занялі кансалідаваную пазыцыю, яны лічаць, што гэта рынкавая формула, па якой пастаўляецца нафта ў Беларусь, і пакуль не ідуць на кампрамісы. Я мяркую, што калі гэтая сытуацыя зацягнецца, то зноў спатрэбіцца ўмяшаньне прэзыдэнтаў.

Бо гэта праблема не для расейскіх кампаній, гэта праблема для Беларусі. Нашы нафтаперапрацоўчыя заводы могуць шукаць альтэрнатыву, але сёньня, на фоне таго, што цана на нафту на ўсясьветных рынках падвысілася, складана меркаваць, што даволі хутка ўдасца знайсьці танную альтэрнатыву. Пакуль заводы працуюць на мінімальнай загрузцы.

— Як можна патлумачыць гэтую супярэчнасьць — калі кіраўнікі Расеі і Беларусі публічна абвяшчаюць, што яны дамовіліся, а нафтавыя кампаніі глядзяць на гэта зусім па-іншаму, фактычна гэта ігнаруюць? Няўжо гэтыя кампаніі настолькі самастойныя, што могуць ігнараваць «загад» прэзыдэнтаў? Ці яны проста гуляюць у адну гульню разам з кіраўніцтвам Расеі?

— Расейскія нафтавыя кампаніі сёньня манапалісты ў пастаўках нафты на беларускія заводы, а з манапалістамі заўсёды цяжка весьці перамовы. Сёньня не праблема паставіць нафту на рынкі больш прэміяльныя, чым беларускі. (Хаця і ў Беларусь яны даволі выгадна для сябе прадаюць нафту, гэта рынкавая формула — кошт мінус транспартныя выдаткі плюс прэмія, якая складае каля 10 даляраў за тону.) Беларусь залежная ад паставак расейскай нафты, і таму я разумею, што Менск у гэтай сытуацыі будзе шукаць пэўныя кампрамісы. Ня маючы альтэрнатывы, даволі цяжка перамагчы ў торгу.

Нагадаю, што Беларусь ня першы раз настойвае на тым, каб зьнізіць гэтую прэмію прадаўца. Тым больш тут ёсьць аргумэнты, бо якасьць расейскай нафты апошнім часам значна пагоршылася. Лягчэйшая нафта пастаўляецца ў Кітай. Паколькі вельмі шмат серы ў расейскай нафце, гэта будзе патрабаваць дадатковых укладаньняў, каб яе перапрацоўваць.

— Уся гэтая гісторыя зноў востра паставіла пытаньне пра альтэрнатыву расейскай нафце — пытаньне, да якога Беларусь ужо зьвярталася ня раз у мінулым. Але ёсьць такое ўражаньне, што кожны раз пошукі альтэрнатывы Беларусь выкарыстоўвала выключна як аргумэнт і рычаг у спрэчках з Расеяй. Цяперашні крызіс можа прымусіць Менск усур’ёз заняцца пошукам альтэрнатыўных варыянтаў дастаўкі нафты ў Беларусь?

— Праблемы няма ў тым, каб прыцягнуць альтэрнатыўную нафту на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы. Лягістыка ўжо часткова адпрацаваная — і праз парты краін Балтыі, і праз Украіну, Адэса — Броды. Праблема ў тым, наколькі матэрыяльна эфэктыўнай будзе перапрацоўка гэтай нафты. Пасьля іранскіх падзей нафта каштуе 68 даляраў за барэль.

Каб мець сур’ёзную альтэрнатыву, трэба арганізаваць пастаўкі па трубе. Ці праз Польшчу, ці праз Украіну, Адэса — Броды. Трубы ёсьць у кірунку Беларусі, рэвэрс трэба падключаць. Аднак беларускі бок павінен заявіць, што ён гарантуе закуп пэўных аб’ёмаў. Украінскі апэратар кажа, што трэба 4–5 мільёнаў тон, каб пастаўкі па трубе былі рэнтабэльныя.

У выніку сёньня, у любым выпадку, расейская нафта таньнейшая за любую альтэрнатыву. Летась яе кошт складаў 80 працэнтаў ад усясьветнага кошту, сёлета, улічваючы ўплыў падатковага манэўру, гэта ўжо 83 працэнты. У 2024 годзе, калі завершыцца падатковы манэўр, гэта будзе 100 працэнтаў. Вось тады альтэрнатыва будзе больш рэальнай.

Можна зразумець аргумэнты беларускага боку. Менск страціў «перамытнёўку», і кошт нафты ў сувязі з эфэктам падатковага манэўру падвысіўся на 20 даляраў за тону. Сумарныя страты Беларусі ад гэтага «падатковага манэўру», як падлічыў Белнафтахім, складаюць 5,8 мільярда даляраў. І калі расейскім кампаніям гэтыя страты кампэнсуюцца зь дзяржаўнага бюджэту, то ў Беларусі такіх магчымасьцяў няма. Таму Менску вельмі важна вытаргаваць хаця б зьніжку за кошт ліквідацыі прэміі пры пастаўках расейскай нафты.

— Вы казалі пра недасканалую якасьць расейскай нафты ў параўнаньні зь іншымі. Але чаму для беларускіх заводаў дагэтуль менавіта расейская нафта асноўная? Відаць, тут ёсьць і тэхналягічная прывязка?

— Так, тэхналягічна беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы завязаныя на расейскую нафту Urals. Цяпер яны завяршаюць свае ключавыя этапы мадэрнізацыі, і ў 2020 годзе яны змогуць сур’ёзна падвысіць узровень выпрацоўкі сьветлых нафтапрадуктаў і магчымасьці перапрацоўкі розных гатункаў нафты. Абсталяваньне ўжо ёсьць, але апошняя кропка ў гэтай мадэрнізацыі яшчэ не пастаўлена.

Да таго ж лягістыка паставак альтэрнатыўнай нафты канчаткова не адпрацаваная. Трэба разумець, што ў пэрспэктыве, калі кошт расейскай нафты будзе набліжацца да ўсясьветнага, — то і на ўнутраным рынку будзе вельмі складана ўтрымліваць кошты на нафтапрадукты. Дый экспартаваць такія ж аб’ёмы нафтапрадуктаў будзе вельмі складана. Вельмі сумнеўна, што аб’ёмы перапрацоўкі на гэтых двух заводах застануцца тыя самыя — 24 мільёны тон.

Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася

  • 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
  • Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
  • Прыняты толькі «індыкатыўны балянс»: Расея можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненьне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненьне».
  • 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
  • Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расейскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
  • Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
  • Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год​). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
  • Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
  • Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
  • Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
  • Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
  • Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі.

Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст

Дзе браць нафту, калі не ў Расеі, і колькі страчвае Беларусь ад прыпыненьня паставак? Тлумачым разам з экспэртам

Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG