Аляксандар Калесьнікаў расказаў пра доўгачаканую — упершыню за год — сустрэчу з дачкой у СІЗА, інфармуе тэлеграм-канал штабу Віктара Бабарыкі.
«У Марыі добрае самаадчуваньне, штодня яна накручвае больш за 11 тысяч крокаў. На спатканьні яна была прыгожа апранутая і з традыцыйнай чырвонай памадай. Маша захапляецца прафэсіяналізмам і талентам Максіма Знака і бярэ зь яго прыклад у спартовых дасягненьнях. Таксама яна перадала вялікую ўдзячнасьць усім адвакатам і лічыць, што былых адвакатаў не бывае. Да сваіх міжнародных узнагарод яна ставіцца даволі сьціпла».
Судовы працэс над сабой Калесьнікава лічыць «пародыяй на правасудзьдзе», робячы свае высновы з прапагандысцкіх сюжэтаў на тэлевізіі.
Калесьнікава ўражаная колькасьцю людзей, якія прыйшлі яе падтрымаць, і аплядысмэнтамі на яе з Максімам адрас. Яна падзякавала ўсім, хто падтрымлівае яе сям’ю, а таксама выказала захапленьне працай адвакатаў.
6 верасьня палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку агучылі прысуд. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.
Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- змова з мэтай захопу ўлады;
- заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
- стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраваньне ім.