Калёнія і буйныя выплаты за пакрыўджаных чыноўнікаў
Суд Пастаўскага раёну агучыў вырак вайсковаму пэнсіянэру Сяргею Купрэшыну.
Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», 65-гадовага мужчыну абвінавачвалі ў абразе прадстаўніка ўлады (электронныя лісты з «фармаваньнем нэгатыўнага вобраза прадстаўніка ўлады» на адрас пракуратуры Віцебскай вобласьці і мясцовых чыноўнікаў), а таксама ў парушэньні тэрміну дазволу насіць зброю і ў незаконным захоўваньні выбуховых рэчываў (пры ператрусе знайшлі порах).
Адстаўны вайсковец цалкам не прызнаў віны.
«Вы прачыталі такую працяглую абвінаваўчую прамову, а я напісаў усяго пяць словаў: „Ты, мярзотнік, адчуваеш, што несьмяротны?“. Я не лічу, што гэта абраза», — сказаў Сяргей Купрэшын у судзе.
Аднак судзьдзя Натальля Максімовіч палічыла інакш і пакарала пэнсіянэра 3 гадамі калёніі строгага рэжыму шляхам паглынаньня меншага пакараньня большым: 2,5 года абмежаваньня волі («хатняя хімія» паводле арт. 369) і 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму на падставе ч. 2 арт. 295.
Таксама Сяргей Купрэшын мусіць сплаціць штраф у памеры 100 базавых велічынь паводле арт. 295 (2900 рублёў), маральную кампэнсацыю пацярпеламу ў памеры 1000 рублёў, а таксама 87 рублёў дзяржаўнага збору і 98 рублёў працэсуальных выдаткаў. Усяго больш за 4000 рублёў.
З 14 па 17 красавіка мужчыну трымалі ў ІЧУ, а 29 жніўня ўзялі пад варту.
1,5 года «хатняй хіміі» за пост паўтарагадовай даўнасьці
2 верасьня суд Ленінскага раёну Магілёва за «абразу супрацоўніка міліцыі» вынес прысуд Юліі Мельнікавай, якую прызналі вінаватай у абразе супрацоўніка міліцыі з Горадні, паведамляе праваабарончая валянтэрская група MAYDAY.
Згодна з матэрыяламі справы, у траўні 2020 году Мельнікава, знаходзячыся ў Санкт-Пецярбургу, пакінула ў «Одноклассниках» пост, у якім назвала аднаго з горадзенскіх сілавікоў «уё..ом». Зьмякчальнай акалічнасьцю на судзе стала тое, што Мельнікава цяжарная. Ёй прысудзілі 1,5 года абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, а таксама сплату 1000 рублёў маральнай кампэнсацыі пацярпеламу.
3 гады «хатняй хіміі» і штраф у 1500 рублёў за абразу «зьбітага» на пікеце Ціханоўскага міліцыянта
У судзе Ленінскага раёну Менску 2 верасьня 2021 г. вынесьлі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненьні да Руслана Літвіна, якога вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэксу Беларусі).
Пацярпелым па справе быў прызнаны памочнік начальніка Ленінскага РУУС Горадні Ўладзімер Казлоўскі, якога нібыта зьбілі на выбарчым пікеце 29 траўня 2020 году, пасьля чаго затрымалі Сяргея Ціханоўскага. Згодна з абвінавачваньнем, Літвін 31 кастрычніка 2020 году пакінуў абразьлівы камэнтар пад публікацыяй фота і пэрсанальных зьвестак Казлоўскага ў тэлеграм-чаце «Каратели Беларуси». Пацярпелы на пасяджэньне не зьявіўся, але папрасіў агучыць ягоныя паказаньні і заявіў пазоў аб кампэнсацыі маральнай шкоды ў памеры 1500 рублёў.
Руслан Літвін віну прызнаў. З пацярпелым сам ня зьвязваўся, але «апэратыўнікі прапанавалі запісаць прабачэньні на відэа», на гэта Руслан пагадзіўся. 13 траўня яго ўжо асудзілі за аналягічнае злачынства на тры гады «хатняй хіміі».
У выніку судзьдзя Юлія Шут пакарала Руслана Літвіна 3 гадамі абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову, задаволіла пазоў міліцыянта аб кампэнсацыі маральнай шкоды ў 1500 рублёў і пастанавіла канфіскаваць мабільны тэлефон Літвіна ў даход дзяржавы.
«Хатняя хімія» 19-гадоваму хлопцу за «абразу прэзыдэнта»
Судзьдзя Бабруйскага раёну Дзьмітры Крэнжыеўскі асудзіў на 1,5 года «хатняй хіміі» 19-гадовага Глеба Лук’янцова, паведаміла «Вясна».
Паводле абвінавачваньня, 8 чэрвеня малады чалавек пакінуў камэнтар у тэлеграм-чаце «Каратели Беларуси» пад публікацыяй супольнай выявы Лукашэнкі і Пуціна з подпісам: «Самая мілая пара Ўсходняй Эўропы. Як вы думаеце, хто ў гэтых адносінах мужчына?»
Глеб Лук’янцоў растлумачыў, што ня меў на мэце абразіць прэзыдэнта, а проста напісаў камэнтар — на эмоцыях «ад даваньня чарговага крэдыту Беларусі».
Бок дзяржабвінавачваньня хадайнічаў, каб матэрыялы справы агалошваліся ў закрытым рэжыме. Суд просьбу адхіліў, але «дзеля этыкі» пакінуты допіс уголас не зачытвалі.
Таксама падчас спрэчак пракурорка Ірына Хадневіч зьвярнула ўвагу, што абвінавачаны ўдзельнічаў у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці. А значыць, ягонае выпраўленьне можа быць дасягнута толькі шляхам прызначэньня пакараньня, зьвязанага са строгай ізаляцыяй ад грамадзтва — 1 год пазбаўленьня волі.
У выніку суд праявіў «гуманізм» і пакараў Глеба Лук’янцова паўтара гадамі «хатняй хіміі».
Крымінальная справа за размаляваныя цюкі
Прэс-служба МУС паведаміла пра пачатак крымінальнай справы за чырвоныя палосы на цюках у полі і зьяўленьне першых падазраваных. Дзеяньні затрыманых кваліфікуюцца па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу (злоснае хуліганства).
Праваабаронцам «Вясны» сталі вядомыя імёны траіх затрыманых у крымінальнай справе. Гэта 36-гадовы Аляксандар Бабко, Ігар Мысьлівец і Алена Дзядзюля. Іх затрымалі 1 верасьня, а дома правялі ператрусы. У дзяцей Алены забралі чатыры тэлефоны і ноўтбук. Пасьля затрыманьня людзей даставілі ў Дзяржынскі РАУС, дзе, меркавана, утрымліваюць і цяпер.
Агулам сілавікі паведамілі пра тое, што ў справе размаляваных у бел-чырвона-белыя колеры цюкоў зь сенажом — сямёра падазраваных.
Месяц няма сувязі з Палінай Шарэндай-Панасюк
«Ужо амаль месяц ад Паліны няма ніякіх навінаў», — сказаў «Белсату» муж палітзьняволенай Андрэй Шарэнда.
Адзінае, што яму вядома: маці Паліны 12 жніўня атрымала ліст з гомельскай жаночай калёніі, у якім было напісана, што Паліна Шарэнда-Панасюк 8 жніўня прыбыла да іх. Там таксама была інфармацыя, колькі ёй можна перадач, колькі спатканьняў.
«Але ад яе няма ніводнага ліста, яна дагэтуль не напісала заяву, каб да яе мог трапіць адвакат», — расказаў Андрэй Шарэнда.
Маці двух малалетніх сыноў Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі на самым пачатку 2021 году. Пазьней актывістку «Эўрапейскай Беларусі» пакаралі па трох артыкулах, за абразу Лукашэнкі, «абразу прадстаўніка ўлады» і «гвалт або пагрозу гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў». Ёй прызначылі 2 гады калёніі агульнага рэжыму. Суд наступнай інстанцыі не задаволіў апэляцыю на гэты прысуд. Муж Паліны, актывіст Андрэй Шарэнда, ад крымінальнага перасьледу зьехаў зь Беларусі разам зь дзецьмі.
Што такое «хімія» і «хатняя хімія»
«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».
Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.
«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.
«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.
Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.
10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах