Яго абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 342 (Удзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) — за ўдзел у акцыях пратэсту 16 і 23 жніўня 2020 году, і 368 (Абраза прэзыдэнта) — за рэпост у Тэлеграме.
Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», Сянькоў атрымаў тры гады калёніі агульнага рэжыму. Справу разглядала судзьдзя Тацяна Шоцік, бок дзяржаўнага абвінавачваньня прадстаўляла пракурорка Юлія Даўгала.
Юрыя Сянькова затрымалі 30 красавіка. Яго пяць разоў асудзілі па адміністрацыйных справах, у выніку чаго ён атрымаў 50 сутак арышту. Потым яго перавялі ў СІЗА ўжо па крымінальнай справе.
Паводле абвінавачваньня, Юрый Сянькоў браў актыўны ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах у Менску 16 і 23 жніўня 2020 году, не падпарадкоўваўся патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі, перашкаджаў руху транспарту, парушаў грамадзкі парадак з мэтай выказваньня грамадзка-палітычных поглядаў, публічна выкрыкваў лёзунгі, пляскаў, размахваў рукамі. Таксама ён публічна абразіў Аляксандра Лукашэнку, а менавіта — апублікаваў паведамленьне, дзе ўтрымліваліся словы: «Объясняю президенту Лукашенко: возмездие за преступление неизбежно», а таксама «Ублюдок».
Акрамя таго, «Менсктранс» падаў пазоў аб кампэнсацыі матэрыяльнай шкоды ад прастою транспарту ў тыя дні ў памеры амаль 10 000 рублёў.
Юрый Сянькоў прызнаў сваю віну ва ўсім, за выключэньнем блякаваньня транспарту, і, адпаведна, не пагадзіўся з пазовам «Менсктрансу». На судзе ён сказаў, што на акцыях выходзіў на праезную частку прыкладна на адну хвіліну і тым самым ня мог нанесьці «Менсктрансу» шкоды. Ён дадаў, што гатовы заплаціць па палове базавай велічыні за кожны аўтобус, чый маршрут быў парушаны, а гэта ніяк не 10 000 рублёў.
На судзе Сянькоў расказаў, што аднойчы ехаў з працы і ўбачыў, як людзі ў форме зьбіваюць чалавека дубінкамі. Гэтая сцэна падштурхнула яго выйсьці на акцыі.
У апошнім слове Юрый Сянькоў сказаў, што ашаломлены патрабаваньнем пракуроркі, якая запрасіла 3 гады зьняволеньня. Ён прасіў суд быць справядлівым:
«Гэта ня тое, чаго я заслугоўваю. Я люблю сваю краіну, я не парушыў ніводнага яе закону да 2020 году. Я за 50 дзён на Акрэсьціна, больш як за 50 на Жодзіна і ў СІЗА не дапусьціў ніводнага найдрабнейшага парушэньня. Я не адмаўляю сваёй віны, але я не заслугоўваю ізаляцыі ад грамадзтва. Я хачу быць карысным яму. Я хачу быць карысным бацькам, мужам, братам. Я хачу працаваць на карысьць сваёй краіны. Я прашу не караць мяне менавіта ізаляцыяй і вынесьці іншае рашэньне».
25 жніўня судзьдзя Тацяна Шоцік вынесла менавіта такі прысуд, якога патрабавала пракурорка: тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Пазоў «Менсктрансу» будуць разглядаць асобна.