Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казачнік Сямашка і няўклюднае абвяржэньне: што папраўдзе адбываецца з інтэграцыйнымі «дарожнымі мапамі»


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота

Уся «сьвістапляска» вакол заявы амбасадара Беларусі ў Расеі Сямашкі і наступнага яе абвяржэньня, магчыма, сьведчыць пра тое, што бакі пакуль не гатовыя да канчатковага падпісаньня ўсіх 28 «дарожных мапаў».

Сьцісла

  • Уладзімер Сямашка вядомы як вялікі энтузіяст беларуска-расейскай інтэграцыі.
  • Інфармацыя пра падпісаньне 9 верасьня «дарожных мапаў» не спадабалася найперш Крамлю.
  • Магчыма, супярэчнасьці існуюць ня толькі ў пытаньні цэнаў на газ.
  • 1 верасьня Лукашэнка ў Бабруйску ня выказаў упэўненасьці, што яны з Пуціным дамовяцца па гэтых саюзных праграмах.

Тое, што амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка вялікі і празьмерны энтузіяст беларуска-расейскай інтэграцыі, даўно вядома. У мінулым ён ня раз даваў занадта аптымістычныя прагнозы адносна будучыні «саюзнай дзяржавы». У 2019 годзе Сямашка рабіў шмат прадказаньняў пра хуткае і непазьбежнае падпісаньне ўсіх «дарожных мапаў». Але дасюль на гэта мала зьвярталі ўвагу. Маўляў ва ўсялякім вялікім праекце павінен быць свой казачнік. Гэта такі «Бабіч наадварот». Калі былы амбасадар Расеі ў Беларусі апавядаў, як усё дрэнна ў беларуска-расейскіх стасунках, то місія Сямашкі адваротная.

Вось і 31 жніўня Ўладзімер Сямашка падчас сустрэчы з губэрнатарам Варонескай вобласьці Аляксандрам Гусевым і віцэ-спікерам Дзярждумы Аляксеем Гардзеевым заявіў:

«Мы, дзякуй Богу, праз тры гады знаходзімся на фінішы, калі з 28 мапаў засталася адна. Апошнюю, я думаю, мы 7-га дацісьнем, і ўжо 9-га прэзыдэнты сустракаюцца ў Маскве, дзе будуць падпісаныя ўсе дарожныя мапы і мапы разьвіцьця паглыбленьня інтэграцыі».

З раніцы 31.08 (у 10:36 — сачыце за храналёгіяй) такую інфармацыю паведаміла ТАСС, расейская дзяржаўная агенцыя. Хутка яна распаўсюдзілася па СМІ розных краін калі ня як сэнсацыя, то як топ-навіна. Яе сталі актыўна абмяркоўваць на розных пляцоўках, прычым большай часткай як прысуд беларускаму сувэрэнітэту.

У нейкіх высокіх кабінэтах гэта не спадабалася. Здаецца, найперш у Крамлі. Бо ўжо ў 12:42 тая ж ТАСС прыводзіць рэакцыю прэсавага сакратара прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Пяскова на заяву Сямашкі. Галоўны яе сэнс хаваецца ў словах: «Давайце ўсё ж такі дачакаемся кіраўнікоў дзяржаваў, ня будзем забягаць наперад». Гэта было мяккае абвяржэньне.

У 12:54 ТАСС унесла праўку ў сваё ранішняе паведамленьне. Замест «будуць падпісаны», зьявілася фармулёўка «прэзыдэнты... абмяркуюць».

А ўжо вечарам 31.08 у 21:38 зьявілася абвяржэньне БелТА. Прычым, з спасылкай на «паведамленьні амбасады Беларусі ў Расеі, якія паступілі ў БелТА». Цікава, што на сайце амбасады само гэтае паведамленьне датуецца 1 верасьня. Ствараецца ўражаньне, што спачатку абвяржэньне зьявілася менавіта на БелТА і толькі потым, пазьней было прадублявана беларускім пасольствам. Усё было зроблена няўклюдна, што нават не здагадаліся паставіць «правільную» дату.

У гэтым паведамленьні гаворыцца пра «не зусім карэктную інтэрпрэтацыю шэрагам СМІ словаў амбасадара Беларусі ў Расеі Ўладзімера Сямашкі». Насамрэч вынікі працы над «дарожнымі мапамі» «будуць даложаныя кіраўнікам дзяржаў, якія абмяркуюць іх падчас асабістай сустрэчы 9 верасьня ў Маскве і прымуць рашэньне аб далейшых кроках», — падкрэсьлілі ў амбасадзе.

То бок, як звычайна, ва ўсім вінаватыя СМІ. Прычым крытыкаваць ТАСС, якая першая паведаміла гэтую навіну, не адважыліся. Абвінавацілі нейкія абстрактныя мэдыя.

Што ў рэальнасьці азначае ўся гэтая слоўная эквілібрыстыка, гульня ў сьцьвярджэньне-абвяржэньне?

Хутчэй за ўсё, тое, што бакі пакуль не гатовыя да канчатковага падпісаньня ўсіх 28 «дарожных мапаў». І, магчыма, супярэчнасьці існуюць ня толькі ў пытаньні цэнаў на газ.

Лукашэнка гэта фактычна пацьвердзіў 1 верасьня ў Бабруйску. Ён адзначыў:

«Калі мы дамовімся канчаткова з прэзыдэнтам Расеі 9-га, то 10–11-га ўрады зьбяруцца, разгледзяць, прымуць гэтыя праграмы. А потым мы іх зацьвердзім на Вышэйшым дзяржсавеце».

Гэты дзяржсавет плянуецца ў кастрычніку — лістападзе. Фармулёўка «калі мы дамовімся» гучыць вельмі знамянальна і моцна адрозьніваецца ад неабмежаванага аптымізму Сямашкі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG