У сучаснай Беларусі ў ліку такіх людзей — былы міністар унутраных спраў Юры Захаранка, былы старшыня Цэнтравыбаркаму і намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Віктар Ганчар, ягоны сябар бізнэсовец Анатоль Красоўскі і апэратар ОРТ, беларускі журналіст Зьміцер Завадзкі.
Юры Захаранка
Былы міністар першага ўраду часоў Лукашэнкі апазыцыянэр Юры Захаранка раптоўна зьнік у траўні 1999 году, і з таго часу пра ягоны лёс нічога не вядома. Адмысловы дакладчык Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Хрыстас Пургурыдэс, які вывучаў абставіны справы, прыйшоў да высновы, што ягонае зьнікненьне, як і Ганчара з Красоўскім — справа рук беларускіх «эскадронаў сьмерці», адмысловых групаў спэцвойскаў, якія ў канцы 1990-х гадоў выконвалі загады на фізычнае зьнішчэньне найбольш уплывовых лідэраў апазыцыі. Праваабаронцы і сваякі зьніклых падзяляюць гэтую вэрсію.
Сьледзтва ў справе аб зьнікненьні Юрыя Захаранкі прыпыненае «празь немагчымасьць высьветліць асобу абвінавачанага». У сьнежні 2019 выйшаў фільм Deutsche Welle, у якім былы баец СОБРу Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага 20 гадоў таму пад камандаваньнем заснавальніка СОБРу падпалкоўніка Дзьмітрыя Паўлічэнкі. Гараўскі, які ўцёк зь Беларусі, казаў, што ўсіх траіх застрэліў асабіста Паўлічэнка.
Віктар Ганчар
У тым жа 1999 годзе, у верасьні, у Менску зьнік Віктар Ганчар — беларускі апазыцыянэр, лідэр той часткі Вярхоўнага Савету Беларусі, якая не прызнала роспуск Аляксандрам Лукашэнкам у 1996 годзе беларускага парлямэнту і працягвала змагацца за вяртаньне краіны ў рэчышча дэмакратыі.
Мяркуюць, што захоп і выкраданьне Віктара Ганчара праходзілі па схеме, падобнай да выкраданьня Юрыя Захаранкі. Паводле грамадзкага расьсьледаваньня, у справе зноў фігураваў аўтамабіль аднаго зь сілавікоў, а ўдзел гэтай асобы ў справе пазьней пацьвердзіўся і зьвесткамі пра тое, што для зьнішчэньня Віктара Ганчара быў выкарыстаны расстрэльны пісталет — табэльная зброя, якой у Беларусі ў той час выконвалі сьмяротныя прысуды.
Праз два гады пасьля зьнікненьня суд прызнаў Віктара Ганчара бязь вестак адсутным.
Анатоль Красоўскі
Бізнэсовец Анатоль Красоўскі зьнік разам са сваім сябрам Віктарам Ганчаром у той жа дзень, 17 верасьня 1999 году. Гэта адбылося пасьля таго, як Ганчар і Красоўскі наведалі лазьню на вуліцы Фабрычнай у Менску.
Пазьней узьнікла вэрсія, што Анатоль Красоўскі быў ня толькі сябрам Віктара Ганчара, але ўдзельнічаў і ў фінансаваньні шэрагу апазыцыйных праектаў. Зьнікненьне Анатоля Красоўскага не расьсьледаванае, гэтаксама як і Віктара Ганчара. Не дапамаглі і прадстаўленыя сьледзтву зьвесткі, што Анатоля Красоўскага таксама маглі забіць з «расстрэльнага пісталета».
У сьнежні 2018 году праваабаронцы атрымалі паведамленьне аб прыпыненьні папярэдняга расьсьледаваньня, у якім гаворыцца, што «справы аб выкраданьнях Ганчара, Захаранкі і Красоўскага спыняюцца, таму што не выяўленая асоба, якая падлягае крымінальнаму перасьледу».
Зьміцер Завадзкі
Апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі зьнік у ліпені 2000 году. Ён ехаў у менскі аэрапорт сустракаць калегу — Паўла Шарамета, але не даехаў. Машыну знайшлі на стаянцы аэрапорту з павыціранымі адбіткамі пальцаў, Зьмітра ў ёй не было.
У сакавіку 2002 году па справе аб выкраданьні Зьмітра Завадзкага былі асуджаныя 4 чалавекі — былыя супрацоўнікі спэцыяльнага атраду міліцыі «Алмаз». Імя заказчыка злачынства засталося невядомым. Пазьней суд прызнаў Зьмітра памерлым, але цела дагэтуль не знайшлі.
У студзені 2020 году ўдава Завадзкага атрымала афіцыйны адказ Сьледчага камітэту з адмовай аднавіць прыпыненае папярэдняе расьсьледаваньне ў справе выкрадзенага апэратара.
Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў
- 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
- 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.
- Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
- У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
- На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
- 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.
- 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
- 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
- Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.
Публікацыі па тэме:
Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла
Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых
Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА
«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА
Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў
«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага
Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі
Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?
Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца
Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа