Палітзьняволены журналіст Анджэй Пачобут будзе знаходзіцца за кратамі яшчэ 3 месяцы, піша «Вясна». Раней ён адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі, а таксама адмовіўся выяжджаць у Польшчу.
Вядома, што ў турме Пачобут захварэў на COVID-19, акрамя таго, ён мае праблемы з сэрцам. Аднак жонцы доўгі час не казалі пра ягоны стан і адхілілі ўсе просьбы сваякоў аб шпіталізацыі вязьня.
Анджэю Пачобуту 48 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу. Вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторыяй спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміі Краёвай.
Сёлета 25 сакавіка да Пачобута прыйшлі зь ператрусам і затрымалі. Ён праходзіць у «польскай справе», якую Генэральная пракуратура завяла «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варожасьці» (частка 3 артыкулу 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Цяпер Пачобут знаходзіцца ў жодзінскім СІЗА.