Літоўскія памежнікі заявілі, што раскрылі правакацыю, якую рыхтавалі беларускія спэцслужбы на ніве міграцыі, паказаўшы відэа са свайго боку.
«Чацьвёра парушальнікаў мяжы павольна заходзяць на тэрыторыю Літвы. Як вы можаце бачыць на відэа, яны не сьпяшаюцца, не баяцца — як быццам кагосьці чакаюць. Як толькі зьяўляюцца літоўскія памежнікі, правакатары вяртаюцца ў Беларусь, і пачынаецца шоў: беларускія памежнікі неадкладна пачынаюць здымаць „чацьвёрку“. Парушальнікі эмацыйна расказваюць, як іх білі і паранілі літоўскія памежнікі. Пасьля запісу гэтай цалкам фальшывай драмы і акторы, і рэжысэры зьнікаюць у цемры беларускіх лясоў».
Паводле міністаркі ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце, атрыманая інфармацыя пра тое, што ў Беларусі нават падрыхтавалі адмысловую пляцоўку для «здымак эпізодаў, як літоўскія памежнікі зьбіваюць нелегалаў».
«У нас ёсьць дадзеныя аб падрыхтаванай пляцоўцы для здымак, там створаная карціна памежнай тэрыторыі і здымаюць розныя „гісторыі“, з дапамогай якіх спрабуюць увесьці ў зман міжнародныя арганізацыі, распаўсюджваць дэзынфармацыю ў іншых краінах і ў нас», — сказала Білатайце, якую цытуе Delfi.lt.
Памежны камітэт Беларусі назваў відэа «спробай правакацыі»
У Памежным камітэце Беларусі пракамэнтавалі відэа, апублікаванае літоўскай службай аховы дзяржаўнай мяжы. У ведамстве сьцьвярджаюць, што 17 жніўня беларускі памежны нарад выявіў «спробу прымусу мігрантаў незаконна перайсьці на тэрыторыю Беларусі». На сумежнай тэрыторыі ўзброеныя людзі ў вайсковай форме нібыта «зьдзяйсьнялі гвалтоўныя дзеяньні ў дачыненьні да ўцекачоў». Тады беларускія памежнікі, каб прадухіліць незаконнае перасячэньне мяжы, перакрылі мігрантам рух.
«На прадстаўленым літоўскім бокам відэа адсутнічаюць аб'ектыўныя сьведчаньні незаконнага перасячэньня дзяржаўнай мяжы беларускімі памежнікамі. Гэта сьведчыць аб неабгрунтаванасьці вылучаных абвінавачваньняў і спробе правакацыі з мэтай штучнага стварэньня інфармацыйнага рэзанансу», — гаворыцца з паведамленьні Памежнага камітэту.
Раней Літва ўжо неаднаразова заяўляла пра правакацыі беларускага боку. Раніцай 4 жніўня ананімныя тэлеграм-каналы, набліжаныя да ўладаў Беларусі, паведамілі пра сьмерць грамадзяніна Іраку непадалёк ад беларуска-літоўскай мяжы. Неўзабаве навіну пра гэта перапосьцілі адтуль і афіцыйныя СМІ, у тым ліку інфармацыйнае агенцтва БелТА.
16 жніўня пад Салечнікамі было адзначана ўзмацненьне сіл беларускіх памежнікаў ля мяжы, у раёне Друскенікаў чулі некалькі дзясяткаў стрэлаў з аўтаматаў на тэрыторыі Беларусі. Афіцыйныя асобы Літвы, у тым ліку прэзыдэнт Гітанас Наўседа і міністарка ўнутраных спраў Агне Білатайце казалі пра далейшую імавернасьць правакацый беларускага боку на мяжы.