Праект зьменаў у Канстытуцыю дапрацуюць і ўнясуць на разгляд Аляксандра Лукашэнкі да 1 верасьня, паведаміў старшыня Канстытуцыйнага суду Пётра Міклашэвіч, перадае Інтэрфакс.
У ім улічаць пажаданьні Лукашэнкі, якія прагучалі 9 жніўня падчас прэсавай канфэрэнцыі. Тады ён выказаўся за некаторыя зьмены ў Канстытуцыі.
- Прапісаць перавагу нацыянальнага заканадаўства над міжнародным. «Досьвед ёсьць — Расейская Фэдэрацыя. Таму, думаю, разам са „старэйшым братам“ нам будзе лягчэй пераадолець і крытыку, і навалы розныя», — сказаў Лукашэнка.
- Прыбраць фразу пра нэўтралітэт Беларусі. «Па Канстытуцыі — нэўтралітэт, а мы знаходзімся ў вайскова-палітычным блёку АДКБ і гэтак далей. Правільна гэта ці не? Вядома, правільна. Гэта дадатковы ўзровень бясьпекі».
- Перадаць некаторыя ўладныя паўнамоцтвы Ўсебеларускаму народнаму сходу. Якія — Лукашэнка яшчэ ня ведае, магчыма, прызначэньне Канстытуцыйнага суду. Магчыма, часова, «пакуль усё не супакоіцца ў краіне». 9 жніўня Лукашэнка пракамэнтаваў размовы пра тое, што ён сам узначаліць УНС. «Маліцеся богу, каб я пагадзіўся яшчэ быць старшынёй Усебеларускага народнага сходу», — сказаў ён.
Удакладняюцца моманты, якія тычацца былога і новаабранага прэзыдэнта краіны.
- Валодае недатыкальнасьцю, ягоныя гонар і годнасьць ахоўваюцца законам. Забесьпячэньне, абслугоўваньне і ахова прэзыдэнта і чальцоў сям’і ажыцьцяўляюцца за кошт дзяржавы. Палажэньні частак першай і другой гэтага артыкулу распаўсюджваюцца на прэзыдэнта Беларусі, які спыніў выкананьне паўнамоцтваў у сувязі са сканчэньнем тэрміну знаходжаньня на пасадзе альбо датэрмінова ў выпадку адстаўкі ці няздольнасьці паводле стану здароўя ажыцьцяўляць абавязкі.
- Выключаны пункт: Палата прадстаўнікоў вылучае большасьцю галасоў ад поўнага складу парлямэнту абвінавачваньне супраць прэзыдэнта ў зьдзяйсьненьні дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства; на падставе адпаведнага рашэньня Савету рэспублікі прымае большасьцю ня менш як дзьве траціны галасоў ад поўнага складу рашэньне аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады. Тэрмін паўнамоцтваў парлямэнта — 5 гадоў (замест 4).
- Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны.
- Прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь паводле нараджэньня, не маладзейшы за 40 гадоў.
Таксама Канстытуцыйная камісія прапануе Лукашэнку тры варыянты артыкулу пра сьмяротнае пакараньне, перадае БелТА.
- У першым застанецца ранейшы тэкст, што гэта выключная мера за асабліва цяжкія злачынствы. Маўляў, нічога не замінае Лукашэнку ўвесьці мараторый, калі трэба.
- У другім прапануюць дазволіць сьмяротную кару толькі за тэракты з ахвярамі.
- Трэцяя прапанова — адмяніць сьмяротнае пакараньне цалкам.
11 жніўня на сайце «Круглага стала дэмакратычных сілаў» пад кіраўніцтвам Юрыя Васкрасенскага апублікавалі выніковы варыянт прапановаў канстытуцыйнай камісіі.
30 ліпеня Лукашэнка папракнуў за тое, што яму далі недапрацаваны праект зьменаў у Канстытуцыю, старшыню Савету Рэспублікі Натальлю Качанаву, старшыню Канстытуцыйнага суду Пятра Міклашэвіча і старшыню Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Андрэйчанку: «Заўваг аж на 170 старонак!»
«Я сёньня вярнуў усю гэтую пісаніну вам. Зьбірайцеся і паспрабуйце гэта да чытаньня на ўзроўні прэзыдэнта прывесьці ў адпаведнасьць. А потым разам са мной (я абяцаў гэта) мы сядзем і пойдзем па кожным разьдзеле, па кожным артыкуле. А потым вынесем на ўсенароднае абмеркаваньне — няхай людзі азнаёмяцца. І не пазьней за люты мы правядзём рэфэрэндум», — сказаў Лукашэнка.
Канстытуцыйная камісія, якая рыхтавала зьмены ў Канстытуцыю, працавала з красавіка і зьбіралася двойчы на месяц. Камісія павінна была перадаць праект новай Канстытуцыі Аляксандру Лукашэнку да 1 жніўня. Гэта было зроблена, аднак паведамлялася, што «адзінства ў шэрагу пытаньняў у сяброў камісіі не было». Пад неафіцыйна апублікаваным варыянтам падпісаліся з заўвагамі і прапановамі 26 сяброў камісіі з 36, больш за палову сяброў камісіі далучылі да праекту сваю асобую думку.