Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд перанёс працэс аб ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў


Акцыя салідарнасьці з журналістамі, 3 верасьня 2020
Акцыя салідарнасьці з журналістамі, 3 верасьня 2020

Разгляд пазову Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі БАЖ перанесены на 27 жніўня ў сувязі з тым, што журналісцкая арганізацыя абскардзіла папярэджаньне міністэрства, якое фармальна стала прычынай для магчымага закрыцьця.

Працэс па абскарджаньні папярэджаньня пройдзе ў Вярхоўным судзе 23 жніўня, а 27 жніўня суд вернецца да разгляду пазову аб ліквідацыі арганізацыі.

У чым сутнасьць прэтэнзіяў да БАЖ

Падстава для ліквідацыі палягае ў тым, што ГА «БАЖ» ня выправіла парушэньняў, якія выявіла Міністэрства юстыцыі падчас праверкі, распачатай у чэрвені 2021 году. Кіраўніцтва арганізацыі катэгарычна ня згоднае з такімі высновамі.

Першы ператрус у офісе БАЖ прайшоў 16 лютага. Пасьля гэтага прадстаўнікоў арганізацыі некалькі разоў выклікалі ў Сьледчы камітэт для допытаў, офіс быў апячатаны цягам месяца.

21 чэрвеня стала вядома, што дзейнасьць БАЖ і іншых НДА правярае Міністэрства юстыцыі. Беларуская асацыяцыя журналістаў падала туды вялікі пералік запрошаных дакумэнтаў, за выключэньнем матэрыялаў, канфіскаваных з офісу БАЖ яшчэ падчас вобшуку 16 лютага.

Непадачу ўсіх запытаных дакумэнтаў і адсутнасьць юрыдычных адрасоў рэгіянальных філіялаў Міністэрства юстыцыі палічыла парушэннем заканадаўства і Статуту БАЖ і накіравала ў Вярхоўны суд Беларусі пазоў аб ліквідацыі ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» нібыта ў сувязі непрыняццем захадаў для ліквідацыі парушэньняў з боку БАЖ і паўторным (пасля вынесенага пісьмовага папярэджання) парушэннем заканадаўства.

Кароткая гісторыя БАЖ

  • Беларуская асацыяцыя журналістаў дзейнічае з восені 1995 году.
  • У БАЖ больш за 1300 сябраў, якія працуюць у розных пэрыядычных выданьнях, на радыё і тэлевізіі, у выдавецкіх кампаніях.
  • З 1997 г. БАЖ — сябра Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў (IFJ).
  • У 2003 г. сусьветная асацыяцыя газэт (WAN) узнагародзіла БАЖ «Залатым пяром свабоды» (Golden Pen of Freedom prize).
  • У сьнежні 2004 г. Эўрапейскі парлямэнт уганараваў БАЖ прэміяй імя Сахарава «За свабоду думкі».
  • У чэрвені 2011 г. Атлянтычная Рада ЗША ўзнагародзіла БАЖ «Прэміяй Свабоды Атлянтычнай Рады».
  • З 2013 г. БАЖ — поўны сябра Эўрапейскай фэдэрацыі журналістаў (EFJ).
  • З 1998 г. БАЖ стала вядзе маніторынг парушэньняў свабоды выказваньня і правоў СМІ. У арганізацыі існуе сетка ўласных карэспандэнтаў па ўсёй Беларусі, якія зьбіраюць інфармацыю аб стане мэдыя ў сваім рэгіёне.
  • Падчас выбарчых кампаній у 2004, 2006, 2007, 2010, 2012, 2015, 2016, 2019 і 2020 гадах БАЖ вёў маніторынг асьвятленьня тэмы выбараў беларускімі СМІ.
  • Усе 25 гадоў БАЖ займаўся абаронай правоў беларускіх журналістаў: гэта тысячы судовых працэсаў, юрыдычных кансультацый, нацыянальных і міжнародных кампаній у падтрымку калег.
  • Таксама ўсе гады БАЖ займаўся падвышэньнем прафэсійных навыкаў калег: сотні трэнінгаў і навучальных курсаў па розных кірунках журналістыкі, круглыя сталы і канфэрэнцыі па найбольш вострых пытаньнях мэдыясфэры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG