Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ператрусы і абарона зьняволеных калег. 10 фактаў пра Беларускую асацыяцыю журналістаў за мінулы год


Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец і ягоны намесьнік Барыс Гарэцкі на 11-м зьезьдзе арганіазцыі. 16 красавіка 2021 году.
Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец і ягоны намесьнік Барыс Гарэцкі на 11-м зьезьдзе арганіазцыі. 16 красавіка 2021 году.

У Менску прайшоў чарговы 11-ты зьезд Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ). Гэта добраахвотнае недзяржаўнае аб’яднаньне тых, хто займаецца журналістыкай ці садзейнічае яе разьвіцьцю. Арганізацыя дзейнічае ад 1995 году.

На пачатак 2021 году ў асацыяцыі было больш за 1200 сябраў, яна мае пяць філій. Арганізацыя існуе на складкі сяброў і ахвяраваньні. БАЖ — асацыяваны сябра Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў (IFJ). Сабралі яскравыя факты пра дзейнасьць БАЖ за апошні год.

1. 16 лютага 2021 году ў супрацоўнікаў, а таксама ў менскім офісе адбыліся ператрусы. У прыватнасьці, абшукалі кватэры старшыні БАЖ Андрэя Бастунца, ягоных намесьнікаў Алега Агеева і Барыса Гарэцкага. Офіс БАЖ доўгі час заставаўся апячатаным. Андрэй Бастунец зьвязаў гэтыя падзеі з агульным ціскам на грамадзянскую супольнасьць.

2. БАЖ адсочвае і неадкладна рэагуе на рэпрэсіі, якія абрынуліся на журналістаў з часу прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і ў поствыбарчы пэрыяд. Усе яны зьбіраюцца ў асобны маніторынг на сайце арганізацыі. Цяпер у няволі 12 журналістаў і статыстыка рэпрэсій няўхільна нарастае. Гэтак, у лютым БАЖ паведамляў пра 477 затрыманьняў журналістаў, 62 пацярпелых ад гвалту супрацоўнікаў мэдыя і больш як 1200 дзён, якія журналісты агулам правялі за кратамі.

9 лютага БАЖ зьвярнуўся па падтрымку да калегаў усяго сьвету ў сувязі з пачаткам суду над журналісткамі Белсату Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. Раней выступіў на абарону журналісткі TUT.by Кацярыны Барысевіч, якую арыштавалі пасьля трагічнай сьмерці пратэстоўца Рамана Бандарэнкі.

3. БАЖ падтрымлівае рэпрэсаваных і зьняволеных журналістаў.
Разам зь міжнароднымі партнэрамі зьвяртаюцца з заклікамі дабівацца вызваленьня журналістаў, якія зазнаюць перасьлед і знаходзяцца ў зьняволеньні. На сайце таксама разьмешчаныя адрасы, на якія можна напісаць лісты журналістам у турмах. ​

4. БАЖ салідарны з мэдыя, якія трапляюць пад рэпрэсіі. Летась у верасьні Міністэрства інфармацыі падало пазоў у Эканамічны суд аб спыненьні сеткавага выданьня TUT.BY, а міністар інфармацыі Ігар Луцкі, не чакаючы вэрдыкту суду, падпісаў загад зрабіць гэта да канца 2020 году. 1 кастрычніка БАЖ заклікаў ведамства забраць пазоў супраць TUT.BY і паспрыяў таму, каб заяву падпісалі больш за 30 рэдакцый. Хоць суд і пазбавіў партал статусу мэдыя, рэсурс працягвае дзейнічаць як інтэрнэт-плятформа.

Летась БАЖ рабіў заявы ў абарону старэйшага незалежнага выданьня «Народная Воля», якому адмовілі ў друкаваньні ў Беларусі і скралі наклад.

5. Ня першы год дзеля ўдасканаленьня прафэсійнага майстэрства супрацоўнікаў мэдыя БАЖ ладзіць конкурс «Вольнае слова». У 2020 годзе на конкурс было даслана больш за 150 тэкстаў 50 аўтараў з розных выданьняў у 5 намінацыях: інфармацыйныя, аналітычныя, мастацка-публіцыстычныя жанры, журналісцкае расьсьледаваньне і дэбют.

6. Сайт БАЖ — агрэгатар навінаў пра бясьпеку журналістаў. Адным зь першых паведамляе пра затрыманьні, вобшукі ды іншыя здарэньні, зьвязаныя з журналісцкай дзейнасьцю сваіх сябраў і незалежных выданьняў.

7. Адзін з кірункаў дзейнасьці — прававая экспэртыза законапраектаў і практык, якія тычацца дзейнасьці мэдыя. Так, БАЖ знаёміць з апошнімі зьменамі ў заканадаўстве, якія тычацца працы журналістаў. Каб прадставіць грамадзтву грунтоўны аналіз і слушныя парады, БАЖ зьвяртаецца да кампэтэнтных спэцыялістаў. Ад пачатку 2020 году праведзены дзясяткі такіх экспэртыз. Адна з апошніх — «Блякаваньне сайтаў: прававыя прылады», у якой праблему абмяркоўваюць зь юрысткай Крысьцінай Рыхтэр.

8. БАЖ разам зь іншымі праваабарончымі арганізацыямі Беларусі, рэгулярна рыхтуе справаздачы аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Штогод такія дакумэнты накіроўваюць у Камітэт правоў чалавека ААН ды іншым міжнародным партнэрам. Беларуская асацыяцыя журналістаў са свайго боку маніторыць становішча з правам на свабоду слова і распаўсюд інфармацыі. Дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву факты перасьледу беларускіх журналістаў становяцца шырока вядомыя ў сьвеце.

9. Ад заснаваньня БАЖ у 1995 годзе пры ім дзейнічае камісія па этыцы, якая кіруецца кодэксам аб этыцы, прынятым зьездам арганізацыі. Гэтая камісія — адзіны рэальна дзейны орган журналісцкай самарэгуляцыі ў Беларусі, на ёй разглядаюцца канфліктныя сытуацыі ў дзейнасьці журналістаў і мэдыя. Так, у 2020 годзе пад разгляд камісіі трапілі тэлеграм-каналы «Беларусь головного мозга» і «#МотолькоПомоги». «Наша рашэньне заўсёды адназначнае: ёсьць парушэньне этыкі ці яго няма», — казаў яе старшыня Сяргей Ваганаў.

10. У 2021 годзе камісія па этыцы выказала сябрам арганізацыі свае рэкамэндацыі, як ім дзейнічаць ва ўмовах ціску ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG