Суд Заводзкага раёна разглядзеў крымінальную справу супраць Андрэя Асаулы, якога абвінавачвалі па трох артыкулах крымінальнага кодэксу — ч. 2 арт. 368 («абраза прэзыдэнта»), арт. 364 («гвалт або пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў») і арт. 369 («абраза прадстаўніка ўлады»).
Мужчына патэлефанаваў на 102 і «выказваўся зьняважлівымі, пагардлівымі, грубымі, вульгарнымі, абразьлівымі, нецэнзурнымі словамі» ў адрас міліцыянтаў, «выказаў пагрозы ў адрас неўстаноўленага кола супрацоўнікаў міліцыі», а таксама ў размове «абразіў Лукашэнку».
Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», справу вяла судзьдзя Анжэла Касьцюкевіч, бок дзяржаўнага абвінавачваньня падтрымлівала Вераніка Зубік. У судзе Андрэй Асаула абараняў сябе сам, наконт адсутнасьці адваката сказаў, што ад яго няма сэнсу.
Паводле абвінавачаньня, раней асуджаны Андрэй Асаула належных высноваў не зрабіў, на шлях выпраўленьня ня стаў і зноў зьдзейсніў наўмыснае злачынства. Акрамя таго, ён падчас шматразовых званкоў на лінію 102 выказваўся зьняважлівымі словамі ў адрас міліцыянтаў.
Пацярпелымі ў справе прызнаныя тры супрацоўніцы Натальля Дзёміна, Натальля Сьцепуль і Марыя Мілішкевіч.
Натальля Дзёміна патлумачыла суду, што яна прыняла званок ад абвінавачанага і назвалася. На гэта Асаула адрэагаваў і запытаў, ці памятае яна яго як абвінавачанага ў першай крымінальнай справе. Жанчына ўзгадала. Пасьля гэтага Андрэй стаў выказваць абразы на адрас Лукашэнкі і супрацоўнікаў міліцыі, лаяцца. Дзёміна скончыла размову і накіравала на адрас абанэнта, які вызначыўся ў сыстэме, супрацоўнікаў міліцыі.
Пацярпелыя Мілішкевіч і Сьцепуль таксама прымалі званкі ад Асаулы, яны сказалі ў судзе, што чулі, як ён выказваў абразы ў адрас супрацоўнікаў міліцыі, у тым ліку абразы і ў адрас самой Мілішкевіч.
Судзьдзя Анжэла Касьцюкевіч у рашэньні пагадзілася з прапановай пракурора і прысудзіла абвінавачанаму тры гады пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ва ўмовах агульнага рэжыму.
19 сакавіка Андрэй Асаула быў асуджаны гэтым жа Заводзкім судом на тры гады «хіміі» за абразу Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Аднак адбываць пакараньне ён не пачаў, 4 траўня быў зноў затрыманы ў крымінальнай справе.
Маці немаўляці асудзілі на паўтара года калёніі
У Лідзе на паўтара года калёніі асудзілі Тацяну Заверку. Яе сыну — 1 год і 8 месяцаў. Судзьдзя Ігар Кашко прызнаў яе вінаватай у абразе прэзыдэнта (арт. 368) і прадстаўніка ўлады (арт. 369) Вядома, што прадстаўнік улады, якога абразіла Тацяна, — гэта намесьнік начальніка лідзкага РАУС Дзяніс Жынко. Жанчыну ўзялі пад варту ў залі суду, паведаміла «Вясна».
За фотаздымак на фоне пратэстоўцаў шматдзетнага бацьку асудзілі на тры гады «хіміі»
43-гадовага Леаніда Макаранчука прызналі вінаватым у актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, што груба парушалі грамадзкі парадак (ч.1 арт 342 КК), паведаміла «Вясна».
Леанід казаў, што проста выйшаў з крамы, убачыў натоўп людзей і сфатаграфаваўся на ягоным фоне. Адвакат прасіў яго апраўдаць.