Суд Савецкага раёна горада Менска разгледзеў справу 42-гадовага Аляксея Шчарбацюка. Судзьдзя Фёдарава прызнала яго вінаватым у зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага ч.1 арт. 368 КК, і асудзіла да года пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. Пракурорам на працэсе быў Чабатароў. Шчарбацюка ўзялі пад варту ў залі суду, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Аляксея Шчарбацюка абвінавачвалі ў «абразе Лукашэнкі» — мужчына, стоячы на гаўбцы, крычаў «Жыве Беларусь!» і «Лукашенко — петух!». Сьведкі ў справе, Вольга Майская і Мікіта Яўсеенка (студэнт трэцяга курсу Акадэміі МУС), праходзілі міма дому, пачулі, «як незнаёмы чалавек абражае Лукашэнку», і выклікалі міліцыю.
Абвінавачаны прызнаў віну. Памятае, што крычаў «Жыве Беларусь!», а таксама не адмаўляе, што мог выкрыкваць іншае, але не памятае, што менавіта крычаў у той раз. Ён патлумачыў, што крычаў пра Лукашэнку, маючы на ўвазе, што ён — агрэсіўна настроены чалавек, паколькі бачыў, як той бегаў з аўтаматам са сваім сынам і крычаў: «Што, пацукі, разышліся ўжо?» Шчарбацюк адзначыў: «Калі б я меў на ўвазе пасіўны гомасэксуалізм, я б выкрыкнуў іншае слова на літару «п», а не «петух».
Судзьдзя Фёдарава зачытала яго пісьмовыя паказаньні падчас сьледзтва, бо выявіліся істотныя супярэчнасьці. У пісьмовых паказаньнях абвінавачаны сьцьвярджаў, што ў яго «зьявіўся намер абразіць Лукашэнку, усьведамляў, што абражае, што гэта чуюць людзі, ведаў, што азначае гэтае слова ў крымінальных колах».
70-гадовага пэнсіянэра асудзілі за абразу Лукашэнкі на два гады «хатняй хіміі»
Менчука Яўгена Шэдзікава прызналі вінаватым у «публічнай абразе прэзідэнта» за тое, што ён патэлефанаваў у міліцыю і сказаў дыспэтчарцы: «І я вашага (неразборліва), гэтага дэбіла, гэтага Лукашэнку, я не хачу слухаць», паведаміла «Вясна».
Яўген Шэдзікаў — 70-гадовы пэнсіянэр, мае 3 групу інваліднасьці, двойчы пераносіў інсульт, пасьля чаго ня мог размаўляць, мае іншыя захворваньні. Падчас працэсу Яўген казаў вельмі павольна, часам зь цяжкасьцю адказваў на пытаньні.
Пэнсіянэр віну не прызнаў, але не адмаўляў, што тэлефанаваў у міліцыю. Ён патлумачыў, што глядзеў тэлевізар і яго абурыла тое, што ён там пабачыў, таму патэлефанаваў у міліцыю. Ён хацеў сказаць, што прэзыдэнту непрыстойна і нельга так выказвацца па тэлевізіі. Якія менавіта словы казаў, мужчына ня памятае.
На пытаньне адваката пра мэту званку мужчына адказаў, што думаў, што міліцыя запіша яго ў сьпісы тых, хто супраць улады, бо хацеў, каб пабачылі, што ёсьць нязгодныя.
Судзьдзя Лідзія Целіца прысудзіла Яўгену Шэдзікаву 2 гады «хатняй хіміі», а таксама прызначыла яму амбуляторнае лячэньне ад хранічнага алькагалізму і псыхічнага захворваньня.
Шасьцярых затрыманых з гуртом Irdorath на лецішчы арыштавалі на 15 сутак
Стала вядома, што судзьдзі Мінскага раёна на выязным паседжаньні разглядзелі справы яшчэ шасьцярых чалавек, якіх затрымалі на сьвяткаваньні Дня народзінаў вакалісткі музычнага фэнтэзі-фольк гурту Irdorath Надзеі Калач, паведаміла «Вясна назірае».
Міхаіла Аракчэева, Марыю Падаляк, Аляксея Палаўчэню, Аляксандра Сінкевіча, Яўгена Срэценскага і Дзьмітрыя Шыманскага арыштавалі на 15 сутак за тое, што яны не адчынілі вароты сілавікам.
2 жніўня на лецішчы, дзе Надзея Калач сьвяткавала Дзень народзінаў, супрацоўнікі ГУБАЗіКа і САХРа затрымалі 16 чалавек. На наступны дзень прэс-служба МУС паведаміла, што на дзесяцярых чалавек склалі пратаколы за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі, а супраць яшчэ шасьцярых распачалі крымінальныя справы за ўдзел у жнівеньскіх маршах.
4 жніўня чатыром затрыманым за непадпарадкаваньне прысудзілі штрафы ад 810 да 1080 рублёў: Юліі Варламавай, Аляксандры Грахоўскай, Вользе Міхно і дзяўчыне з прозьвішчам Шулякова.
Шасьцёх затрыманых падазраюць у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзеле ў іх: Уладзімера Калача, Пятра Марчанку, Аляксандра Сінкевіча, Антона Шныпа, Паўла Шмыгу і Юлію Юніцкую.
Берасьцейскага актывіста Алега Вялава арыштавалі на 15 сутак
Яго пакаралі за рэпост з тэлеграм-канала, які беларускія ўлады ўключылі ў сьпіс экстрэмісцкіх. Паводле знаёмых, у красавіку Алег Вялаў перапосьціў інфармацыю пра таксычныя адкіды, якія зьлівалі ў раку. Алег Вялаў вядомы ў Берасьці як адзін з пратэстоўцаў супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу, перадае тэлеграм-канал «Вясна-Брэст».