Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітзьняволеная Кацярына Андрэева ў калёніі мела доўгатэрміновае спатканьне з мужам 


Кацярына Андрэева
Кацярына Андрэева

Пра гэта Свабодзе расказаў муж палітзьняволенай Ігар Ільяш.

Ігар Ільяш паведаміў, што на здароўе Кацярына ня скардзіцца. Ліст ад Юрыя Васкрасенскага з просьбай напісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі Кацярына Андрэева атрымала, але ня стала нічога на яго адказваць. Яе пазыцыя не зьмянілася — ніякага прашэньня пісаць яна ня будзе.

«3–4 жніўня ў нас з Кацяй адбылося першае за час яе зьняволеньня доўгае спатканьне. Гэта былі цудоўныя суткі — безумоўна, самыя шчасьлівыя з моманту арышту Каці. Мы амаль адразу забыліся пра калючы дрот, платы і краты. Мы цалкам пагрузіліся ў сьвет, створаны нашым каханьнем. І сьвет гэты (я ў чарговы раз у гэтым пераканаўся) аказаўся абсалютна непрыступным для працяглай разлукі і наогул усіх выпрабаваньняў, зь якімі мы сутыкнуліся за апошні год.

Нядаўнія падзеі толькі памножылі нашыя эмоцыі: крыху больш за тыдзень таму я сядзеў на Акрэсьціна, і мы нават не спадзяваліся, што гэтае спатканьне ў выніку адбудзецца. Цяпер жа мы ўпершыню зь лістапада апынуліся ў абдымках адно аднаго. Думаю, ня кожнае рамантычнае падарожжа ў Парыж або Рым здольнае прынесьці гэтак жа яркія пачуцьці і эмоцыі, якія мы перажываем падчас гэтага спатканьня ў калёніі.

Каця перадае ўсім прывітаньне і просіць прабачэньня, што ня можа адказаць на кожны ліст. Каця ня скардзіцца на здароўе, яна ўпэўненая ў сваіх сілах і глядзіць у будучыню з аптымізмам. І што вельмі важна: турма яе ніяк не зьмяніла.

„Мая задача — захаваць душу ад распаду і не дазволіць зоне пракрасьціся ў мяне. Ня стаць часткай выродлівага [турэмнага сьвету], а зрабіць трохі больш цудоўнай прасторы вакол сябе“, — сказала яна».

Журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева, як і яе калега Дар’я Чульцова, за кратамі з 15 лістапада 2020 году. Іх затрымалі ў кватэры на «плошчы Перамен» у Менску, адкуль яны вялі стрым для тэлеканалу «Белсат». У кватэры выламалі дзьверы, усярэдзіну забеглі спэцназаўцы.

Спачатку іх асудзілі на 7 сутак за «ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаваньне». Потым абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. 18 лютага ім прысудзілі па 2 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG