Павал Севярынец — ня толькі палітык і грамадзкі дзяяч, але і пісьменьнік, аўтар 14 кніг, сярод якіх «Люблю Беларусь», раман «Беларусалім», зборнікі публіцыстыкі «Лісты зь лесу», «Каменнае сэрца» і «Беларуская глыбіня». Ён ляўрэат літаратурных прэмій Беларускага ПЭН-цэнтру імя Алеся Адамовіча, прэміі імя Францішка Аляхновіча, прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава, украінска-беларускай літаратурнай прэміі «Воін Сьвятла».
«Аўтарскі сайт Паўла Севярынца» расказвае цікавыя факты і гісторыю стварэньня ягоных кніг «Беларусалім. Золак», «Беларусалім. Сэрца сьвятла», «Люблю Беларусь. 200 фэномэнаў нацыянальнай ідэі», «Каменнае сэрца», дае водгукі чытачоў і цытаты палітвязьня.
Таксама на сайце можна пакінуць заяўкі на на кнігі Паўла Севярынца.
Павал Севярынец — апазыцыйны палітык, сузаснавальнік партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», пісьменьнік. Сёлета ў сьнежні яму споўніцца 45 гадоў. Быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі летась 7 чэрвеня. Тады яму вынесьлі тры прысуды аб адміністрацыйных арыштах па 15 дзён кожны за ўдзел у перадвыбарчых пікетах і за заклікі да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах. Далучылі 30 дзён арышту за ўдзел у антыінтэграцыйных акцыях пратэсту ў сьнежні 2019 і студзені 2020 гадоў.
Пасьля 75 дзён Паўла Севярынца ня выпусьцілі на волю, а перавялі ў СІЗА № 1 у статусе падазраванага паводле арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў). Там выставілі абвінавачаньне.
25 траўня ў Магілёўскім абласным судзе Севярынцу абвясьцілі прысуд. Судзьдзя Ірына Ланчава асудзіла палітыка на 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.