«Паводле нашых ацэнак, самая важная роля належыць Злучаным Штатам, якія спрабуюць такім чынам вырашыць свае геапалітычныя інтарэсы. Калі мы бяром нашых суседзяў, то найбольш агрэсіўную палітыку ў дачыненьні да Рэспублікі Беларусь праводзяць рэжымы Вільні і Варшавы», — сказаў Тэртэль у сэрыяле «Беларусь супраць каляровай рэвалюцыі» на тэлеканале СТВ у сераду.
Пра гэта паведамляе Інтэрфакс.
Паводле старшыні КДБ, Беларусь таксама бачыць «неканструктыўную ролю, нягледзячы на братэрскія адносіны паміж народамі, цяперашняга кіраўніцтва Ўкраіны».
«Паводле ацэнак, нашых і ня толькі нашых, на беларускім напрамку цяпер працуюць у інфармацыйнай прасторы супраць нас, па розных ацэнках, ад 50 да 70 тысячаў чалавек. Я маю на ўвазе і цэнтры інфармацыйнага проціборства ўзброеных сілаў ЗША, іншых заходніх дзяржаваў, Украіны», — патлумачыў Тэртэль.
Паводле яго, беларускія спэцслужбы бачаць «вельмі шчыльнае ўзаемадзеяньне ўкраінскіх падразьдзяленьняў інфармацыйнай вайны з польскімі і літоўскімі».
Аўтарам беларускага «бунту» ў фільме назвалі Майкла Карпэнтэра — старшага дырэктара Цэнтру Джо Байдэна па глябальным узаемадзеяньні.
Акрамя таго, паводле стваральнікаў фільму, за пратэстамі ў Беларусі стаяць экспэрт у пытаньнях грамадзянскай супольнасьці Эўрапейскага фонду за дэмакратыю, навуковы супрацоўнік Нямецкага фонду Маршала, экс-міністар замежных спраў Славаччыны Павал Дэмеш, былы памочнік дзяржсакратара ЗША ў пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека і працы, экс-кіраўнік арганізацыі Freedom House Дэйвід Крэймэр, супрацоўнік варшаўскага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Каміль Клысінскі, дырэктар праектаў фонду Freedom House Віціс Юрконіс, выканаўчы дырэктар Эўрапейскага фонду за дэмакратыю Ежы Памяноўскі і расейскі бізнэсовец Міхаіл Хадаркоўскі.
Ніякіх доказаў датычнасьці пералічаных асобаў да падзеяў у Беларусі ў фільме не прадставілі.