Майкл Карпэнтэр, былы намесьнік памочніка міністра абароны ЗША, цяпер старэйшы дырэктар цэнтру Байдэна ва Ўнівэрсытэце Пэнсыльваніі ў інтэрвію Вашынгтонскаму карэспандэнту Радыё Свабода Тоду Прынсу падзяліўся тым, што ў прыватных гутарках гаварылі яму беларускія чыноўнікі.
— Многія, уключаючы прэзыдэнта Лукашэнку, я ўпэўнены, учспрынялі ўварваньне ва Ўкраіну ў 2014 як пераход праз чырвоную лінію, што было непрымальным і стварыла вельмі небясьпечны прэцэдэнт для іншых краінаў на постсавецкай прасторы, уключаючы Беларусь. Я думаю, што, гэта насамрэч выклікала шмат падазрэньняў наконт намераў Расеі, як Расея ставіцца да Беларусі ў якасьці малодшага партнэра, і, у прыватнасьці, як будуць выглядаць іх вайсковыя адносіны.
Шматлікія беларускія чыноўнікі мне казалі не пад запіс, што яны ня хочуць быць ні крыніцай, ні на скрыжаваньні канфлікту паміж Захадам і Расеяй. Яны хочуць стабільных адносінаў са сваімі суседзямі. Яны ня бачаць пагрозы ў тым, што прысутнасьць NATO павялічваецца, але яны хочуць пераканацца, што Расеі не дазволяць злоўжываць тым, што адбываецца, каб пачаць нейкі канфлікт.
Так, Лукашэнка гэта аўтарытарны лідэр, а аўтарытарныя лідэры ня любяць здаваць уладу. Яны хочуць падаўляць апазыцыю, ня хочуць даваць ёй прасторы для росту, каб яна не магла кінуць выклік уладзе. І мы павінны гэта трымаць у галаве.
Я асабіста лічу, што палітыка апошніх 11 гадоў, калі мы адштурхнулі Беларусь у дыпляматычным сэнсе і адмаўляліся зь імі ўзаемадзейнічаць, не прывяла ні да якога паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Калі мы будзем больш ўзаемадзейнічаць з Беларусьсю дыпляматычна, эканамічна, палітычна і вайсковай галіне, я думаю, мы зможам мець лепшы рычаг, каб павялічыць прастору для грамадзянскай супольнасьці.
І апошняе, што б я сказаў: гэта трэба рабіць пакрысе, па частках. Першае, што трэба зрабіць — гарантаваць, каб правы чалавека абараняліся ў Беларусі, каб не было палітвязьняў. Тады мы можам пачаць падштурхоўваць далей, да паступовага адкрыцьця прасторы для грамадзянскай супольнасьці, палітычнай апазыцыі.
Я ня веру Лукашэнку, калі ён кажа, што хоча кандыдатаў ад апазыцыі ў парлямэнце. Мы мусім выпрабаваць гэтую прапанову, бо найлейпшы спосаб прымусіць беларускае кіраўніцтва рухацца ў накірунку да большай адкрытасьці гэта ўзаемадзейнічаць зь імі і дасягнуць большага ўзроўню ўзаемасувязі.
Я быў у Менску некалькі разоў за апошнія некалькі гадоў. Калі вы паразмаўляеце зь беларускай моладзьдзю, яны больш на хвалі з заходняй культурай, чым большасьць людзей можа думае. Калі вырастуць — яны хочуць быць праграмістамі, яны хочуць быць у сэктары тэхналёгіяў, і сама Беларусь таксама адчайна хоча інвэстыцыяў у сэктар тэхналёгіяў.
Так што калі клімат для бізнэсу правільны і інвэстары пабачаць, што інтэлектуальная ўласнасьць будзе абараняцца і ня будзе скрадзеная, яны маглі б, магчыма, інвэставаць у Беларусь. І гэта патэнцыйна магло б быць у нашых інтарэсах у доўгатэрміновай пэрспэктыве, і дакладна будзе ў інтарэсах, можа і не асабіста Лукашэнкі, але Беларусі як краіны.
Майкл Карпэнтэр, былы дарадца віцэ-прэзыдэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі Джо Байдэна, лічыцца адным зь лепшых вайсковых аналітыкаў ЗША. Ён асабіста сустракаўся зь міністрам замежных справаў Беларусі Ўладзімірам Макеем і Аляксандрам Лукашэнкам, калі выконваў функцыю намесьніка памочніка міністра абароны ЗША. Цяпер ён узначальвае цэнтар Байдэна ва Ўнівэрсытэце Пэнсыльваніі.