Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская абмеркавала з амэрыканскім філёзафам Фукуямам трансфармацыю Беларусі ад аўтакратыі да дэмакратыі


Фрэнсіс Фукуяма і Сьвятлана Ціханоўская. Сан-Францыска, 30 ліпеня 2021 году
Фрэнсіс Фукуяма і Сьвятлана Ціханоўская. Сан-Францыска, 30 ліпеня 2021 году

30 ліпеня ў Сан-Францыска на працоўнай вячэры і дыскусіі ў Стэнфардзкім унівэрсытэце Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з амэрыканскім філёзафам і эканамістам Фрэнсісам Фукуямам.

Ціханоўская і Фукуяма абмеркавалі пытаньні транзытнага пэрыяду і трансфармацыі Беларусі ад аўтакратыі да дэмакратыі, паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал Ціханоўскай.

Дзеля таго каб транзытны пэрыяд у Беларусі прайшоў з найменшымі шокамі, трэба зрабіць прыярытэтам захаванасьць мэханізму працы дзяржавы — каб яна магла выконваць свае функцыі клопату аб грамадзянах, лічыць Фукуяма. Таксама Фукуяма і Ціханоўская пагадзіліся, што бачаньне будучыні павінна аб’ядноўваць людзей. На разьвітаньне Фукуяма падарыў Ціханоўскай сваю кнігу «Ідэнтычнасьць» на дзьвюх мовах.

Фрэнсіс Фукуяма — амэрыканскі філёзаф, палітоляг, палітычны эканаміст і пісьменьнік японскага паходжаньня. Старшы навуковы супрацоўнік Цэнтру ў пытаньнях дэмакратыі, разьвіцьця і вяршэнства права ў Стэнфардзе.

Ён зрабіўся шырока вядомы ва ўсім сьвеце пасьля публікацыі кнігі «Канец гісторыі і апошні чалавек» (1992), у якой сьцьвярджае, што распаўсюд у сьвеце лібэральнай дэмакратыі заходняга ўзору сьведчыць пра апошні пункт сацыякультурнай эвалюцыі чалавецтва і фармаваньне канчатковай формы ўраду, канец веку ідэалягічных супрацьстаяньняў, глябальных рэвалюцый і войнаў, а разам зь імі — канец мастацтва, філязофіі ды інш. Ягоную кнігу пераклалі больш як на 20 моваў, яна выклікала найшырэйшы рэзананс у навуковым асяродзьдзі і ў сродках масавай інфармацыі.

Ціханоўская наведвае ЗША на афіцыйнае запрашэньне Дзяржаўнага дэпартамэнту. Лідэрка беларускай апазыцыі праводзіць перамовы з высокапастаўленымі прадстаўнікамі адміністрацыі ЗША, кангрэсмэнамі і сэнатарамі.

Сьвятлана Ціханоўская, якая ад 10 жніўня 2020 году знаходзіцца ў выгнаньні, сустрэлася з Джо Байдэнам 28 ліпеня. На сустрэчы палітыкі абмяркоўвалі становішча ў Беларусі і далейшыя шляхі дапамогі дэмакратычнай супольнасьці Беларусі ў змаганьні з дыктатурай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG