Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заснавальніца плятформы «Имена»: «Нас ліквідуюць, бо мы не парушалі закон»


Кацярына Сінюк
Кацярына Сінюк

Дабрачыную арганізацыю апавясьцілі пра прычыну ліквідацыі, якая падалася яе работнікам абсурднаю. Яны заяўляюць, што паводле закону дабрачынная арганізацыя ня мусіць мець прыбытку, адсутнасьць якога зафіксаваў Менгарвыканкам.

Заснавальніца плятформы «Имена» Кацярына Сінюк напісала прычыну, зь якой Менгарвыканкам вырашыў зьліквідаваць дабрачынны праект. Высьветлілася, што гэта адбываецца з прычыны нерэалізацыі прадпрымальніцкай дзейнасьці і адсутнасьці прыбытку ад яе цягам 24 месяцаў.

Сінюк лічыць рашэньне ўладаў беспадстаўным і парадаксальным, бо праект як дабрачынная арганізацыя не займаецца бізнэсам.

Ліст, як мяркуе заснавальніца, у арганізацыю даслалі памылкова.

«Вусна назвалі прычыну ліквідацыі іншую. Што мы нібыта вялі дзейнасьць, не адпаведную статуту. Гэта таксама вельмі цікава, бо каб прызнаць нестатутную дзейнасьць павінна была быць праверка, разбор хоць які, удакладняльныя пытаньні. А нічога гэтага таксама не было. Але гэта наагул іншая гісторыя», — дадала Кацярына Сінюк.

Рахункі плятформы дагэтуль арыштаваныя.

Зь сярэдзіны ліпеня ў Беларусі адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў. Геаграфія зьліквідаваных уладамі ўстановаў ахапіла практычна ўсю краіну. На гэты момант вядома пра 57 арганізацыяў, закрытых несудовым чынам, яшчэ 20 зьбіраюцца зьліквідаваць у судах.

Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Чым займаюцца «Имена»

  • Дабрачынны праект «Имена» — некамэрцыйная мэдыяплятформа, дзе тысячы людзей зьбіраюць грошы на працу грамадзкіх арганізацыяў, якія разьвязваюць сацыяльныя праблемы ў Беларусі.
  • «Имена» зьбіраюць сродкі, да прыкладу, не на асобнае хворае дзіця з рэдкім нэрвова-цяглічным захворваньнем, а на працу і функцыянаваньне арганізацыі, якая штодня дапамагае такім хворым. Да прыкладу, для фонду «Геном», у якога каля сотні падапечных дзяцей (і дарослых).
  • «Имена» зьбіраюць сродкі не аднаму самотнаму ляжачаму чалавеку, а патранажнай службе, якая аплачвае працу сясьцёр міласэрнасьці, што даглядаюць дзясяткі такіх людзей.
  • «Имена» запушчаныя 11 красавіка 2016 году. З таго часу людзі пералічылі на праект 6 966 998 рублёў.
  • Сілавікі неаднойчы цікавіліся дзейнасьцю «Имён». 14 ліпеня адбыўся ператрус у офісе, а таксама ў кватэрах заснавальніцы праекту Кацярыны Сінюк і дырэктаркі Кацярыны Сяргеевай. Пасьля ператрусаў і допытаў абедзьвюх адпусьцілі пад падпіску аб невыдаваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG