Праваабарончаму цэнтру «Вясна» стала вядома, што 25 ліпеня палітзьняволеная валянтэрка цэнтру Марфа Рабкова страціла прытомнасьць у СІЗА-1. Гэта здарылася падчас прагулкі.
Артэрыяльны ціск Рабковай склаў 80/60 (мм. рт. сл). Яго памераў лекар СІЗА-1, а таксама зрабіў Марфе кардыяграму. Невядома, ці давалі Марфе пры гэтым якія-небудзь лекі. Цяпер яна на пасьцельным рэжыме ў сваёй камэры і адчувае моцную слабасьць.
Згодна з сучаснай градацыяй паказьнікаў артэрыяльнага ціску паводле Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ), а таксама рэкамэндацыі Амэрыканскай мэдычнай школы, калі паказьнік верхняга (сысталічнага) ціску меншы за 100, то гэта гіпатанія (паніжаны АЦ).
«Вясьне» таксама вядома, што цягам двух месяцаў Марфа Рабкова мае патрэбу ў стаматолягу. Яна пісала заяву пра гэта, але Сьледчы камітэт адмовіў.
Раней Марфа Рабкова ўжо траціла прытомнасьць праз брак паветра і сьпякоту — гэта было прыкладна 27-28 чэрвеня. Тады прыйшоў лекар і даў таблетку цытрамону, адэкватнай мэдычнай дапамогі не было.