Згодна з дакумэнтам, без пацьвярджэньня аб завяршэньні вакцынацыі або тэсту на каранавірус нельга будзе трапіць у рэстаран, наведаць сваякоў у шпіталях і прытулках для старых, перасоўвацца на самалётах, у цягніках і аўтобусах далёкага накіраваньня. Пропуск таксама спатрэбіцца для наведваньня грамадзка-культурных установаў.
Закон прадугледжвае абавязковую вакцынацыю ад COVID-19 мэдыкаў і пэўных іншых работнікаў да 15 верасьня. Тых, хто адмовіўся ад вакцынацыі, забаронена звальняць, але працадаўца мае права адправіць такіх супрацоўнікаў у неаплатны адпачынак да вакцынацыі.
Непаўналетнія ад афармленьня санітарнага пропуску вызваленыя.
Дакумэнт мае зацьвердзіць Канстытуцыйная рада.
Мяркуецца, што закон будзе дзейнічаць да 15 лістапада. Урад прапаноўваў, каб дакумэнт застаўся ў сіле да 31 сьнежня.
Прапанова ўладаў увесьці санітарныя пропускі і стымуляваць вакцынацыю выклікала рэзкую крытыку з боку некаторых французаў. У Парыжы і іншых гарадах прайшлі шматтысячныя акцыі пратэсту. Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон абвінаваціў дэманстрантаў у эгаізьме і безадказнасьці.